Владислав Ефимович в Вильнюсе. Фото: J. Stacevičiaus, lrt.lt
22-гадовы былы палітвязень Уладзіслаў Яфімовіч, які цяпер жыве ў Літве, атрымаў у месенджары прапанову вярнуцца ў Беларусь. Малады чалавек падзяліўся скрыншотамі перапіскі з праваабаронцамі і рэдакцыяй Reform.news.
30 сакавіка ў Telegram Уладзіславу напісаў нейкі “Антон”. Акаўнт быў зарэгістраваны на ўкраінскі нумар +380 66 692 89 44. З кантэксту можна было зразумець, што “Антон” прадстаўляе адну з сілавых структур Беларусі.
Ананім спрабаваў весці з Уладзіславам даверлівыя размовы пра палітыку, сэнс жыцця, прызначэнне дзяржаўных органаў, расійска-ўкраінскую вайну. У тым ліку гаворка зайшла пра вяртанне ў Беларусь.
“Улад, калі правільна вас зразумеў, вы хацелі б вярнуцца дадому і з мінімальнымі наступствамі?.. Гэта магчыма. Ёсць прыклады больш складаных абставін, у якіх усё разгортвалася паспяхова, вы пра іх ведаеце або павінны былі чуць. Чаму ваша сітуацыя не можа быць выпраўлена? Цалкам можа, – запэўніваў “Антон”. – Сітуацыю можна выправіць, але дакладна не пытаннямі, адказы на якія нічым табе не дапамогуць”.
Як распавёў Уладзіслаў Reform.news, ананім прапаноўваў яму грошы і вярнуцца дадому.
“Ён не прадставіўся, а кантакт мой знайшоў у мамы ў тэлефоне падчас праверкі”, – растлумачыў былы палітвязень.
“Антон” абвінавачваў Уладзіслава ў тым, што той з’яўляецца “інструментам літоўскіх спецслужбаў”.
“Спадзявайся на шанец, што палітычнае міждзяржаўнае супрацьстаянне захаваецца і ўсё ў цябе будзе добра”, – загадкава заяўляў ананім.
Уладзіслаў за час зняволення прайшоў праз жудасныя здзекі і катаванні. Сваю гісторыю ён распавёў у інтэрв’ю “Вясне”. На гэта “Антон” запярэчыў, што ў ЗША паліцэйскія нібыта дзейнічаюць яшчэ больш жорстка.
“Папрацуем, а праз час вернешся як… – героем наўрад ці атрымаецца, але павагу мець будзеш”, – запэўніў ананім.
У гэты ж час ціск аказваецца і на родных Уладзіслава ў Беларусі.
“Майму 12-гадоваму брату ў школу званілі з Мінска і дапытвалі пра мяне, хоць не маюць права без дарослых і згоды, – распавёў ён. – Мама ператэлефанавала спытаць, хто гэта і чаму так робяць без яе ведама. Ён адказаў, што я Саша з Мінска, і гэтага дастаткова”.
Раней, 17 сакавіка, Уладзіслава шукалі з ваенкамата. “Прыйшоў час адслужыць, таму што не даслужыў пасля арышту”, – растлумачылі там.
Былому палітвязню да з’яўлення “Антона” пісалі з ананімных акаўнтаў з украінскай рэгістрацыяй з прапановай падпрацаваць — пісаць фарбай на сценах “Вiльня Наша”.
***
Уладзіслаў Яфімовіч з Івацэвічаў быў арыштаваны 15 лістапада 2022 года. На той момант ён паспеў адслужыць каля месяца ў 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе ў Брэсце. Яго асудзілі на 3,5 года калоніі па двух крымінальных артыкулах: ч. 3 арт. 361−1 (“Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім”) і ч. 1, 2 арт. 361−4 (“Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”).
20 студзеня 2025 года быў вызвалены па памілаванні.