У Літве абвясцілі магчымую паветраную трывогу (жоўты ўзровень), піша Delfi. Прычынай стала меркаванае з’яўленне беспілотніка ў паветранай прасторы краіны.
Нацыянальны цэнтр кіравання крызісамі папярэдзіў пра пагрозу жыхароў Вільні, Тракайскага і Электрэнскага раёнаў. Улады заклікалі не набліжацца да падазроных аб’ектаў і паведамляць пра іх па нумары 112. Жыхарам таксама рэкамендавалі сачыць за далейшымі паведамленнямі і загадзя вызначыць найбліжэйшае сховішча.
Раней сёння паведамлялася, што 13 верасня каля 4:05 радары ВПС Літвы зафіксавалі ў раёне Варэны аб’ект, які рухаўся ў напрамку Калінінградскай вобласці. Як мяркуецца, ён трапіў у паветраную прастору Літвы з боку Беларусі.
Каля 4:25 аб’ект пакінуў паветраную прастору Літвы і ўвайшоў у паветраную прастору Калінінградскай вобласці. Паводле даных літоўскіх уладаў, інфармацыі было недастаткова для дакладнага вызначэння тыпу аб’екта. Яго траекторыя і іншыя атрыманыя даныя не ўказвалі на непасрэдную пагрозу для жыхароў або аб’ектаў у Літве.
