У Літве назвалі памылкай адкрыццё прадстаўніцтва Тайваня ў 2021 годзе

Спікер Сейма Літвы Юозас Олекас назваў памылкай адкрыццё прадстаўніцтва Тайваня ў 2021 годзе, бо краіна недастаткова падрыхтавалася да гэтага. Пра гэта ён заявіў у эфіры LRT.

Нагадаем, адкрыццё прадстаўніцтва прывяло да пагаршэння адносін Вільнюса і Пекіна. Бакі нават звярталіся да гандлёвых мер.

Паводле слоў Олекаса, літоўскі бок не падрыхтаваўся, каб атрымаць дастатковую эканамічную аддачу ад адкрыцця прадстаўніцтва Тайваня. Акрамя таго, папярэдні ўрад правёў недастатковую працу з партнёрамі і саюзнікамі, у выніку Літва засталася адзінай, хто адкрыў прадстаўніцтва.

«Мы гаворым, што прызнаем, што ў той час прымаць такое рашэнне з такой падрыхтоўкай было памылкай, патрабавалася значна большая падтрымка з боку саюзнікаў», — адзначыў спікер Сейма.

Пры гэтым, паводле яго слоў, гаворка не ідзе пра закрыццё прадстаўніцтва Тайваня.

«Сказаць, як ёсць, не грэх. (…) Тое, што цяпер робіць урад, тое, што робіць Міністэрства замежных спраў, мне здаецца, гэта неабходныя рэчы, якія раней былі недастаткова зроблены. (…) Неабходна нармалізаваць адносіны з Кітаем і ўмацоўваць эканамічныя сувязі з Тайванем», — дадаў Олекас.

У сваю чаргу міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс пацвердзіў, што працуе над развіццём эканамічнага, культурнага і іншага супрацоўніцтва з Тайванем. Паводле яго слоў, закрываць прадстаўніцтва ніхто не збіраецца.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!