Поврежденная труба Аувереской электростанции.. Фото: Sergei Stepanov/ERR
25 сакавіка з тэрыторыі Расіі ў паветраную прастору Эстоніі і Латвіі заляцелі два беспілотнікі. Яшчэ адзін дрон заляцеў у Латвію з тэрыторыі Беларусі.
У 03:43 па мясцовым часе дрон заляцеў у Эстонію і ўрэзаўся ў дымавую трубу электрастанцыі ў Аўверэ. Пацярпелых няма. Электрастанцыя не атрымала непасрэдных пашкоджанняў. На месцы інцыдэнту працуюць сапёры, паведамляе ERR.
Генпракурор Эстоніі Астрыд Асі адзначыла, што, паводле папярэдняй інфармацыі, дрон не быў накіраваны на Эстонію.
Яшчэ адзін беспілотнік заляцеў з Расіі ў Латвію. Ён упаў і выбухнуў у Краслаўскім краі ў 02:39, піша LSM.
Яшчэ адзін дрон уляцеў у паветраную прастору Латвіі з Беларусі ў 0:50. Ён зрабіў крук і паляцеў у бок Расіі.
Намеснік начальніка Аб’яднанага штаба Нацыянальных узброеных сіл Латвіі па аператыўных пытаннях Эгілс Лешчынскіс лічыць, што залёты дронаў не былі скаардынаванымі дзеяннямі Расіі і Беларусі.
«Хутчэй за ўсё, лятальныя апараты збіліся з курсу або падвергліся ўздзеянню сродкаў электрамагнітнага ўздзеяння пры абароне нейкіх тэхнічна важных аб’ектаў», — заявіў ён.
У ноч на 25 сакавіка Украіна атакавала дронамі Ленінградскую вобласць Расіі. Вядома пра пажар у порце Усць-Луга.