Фото: unsplash.com
У Кіеве прайшла міжведамасная нарада, прысвечаная падаўжэнню дазволаў на часовае пражыванне для замежнікаў ва Украіне ў перыяд ваеннага становішча, а таксама ўрэгуляванню працэдур атрымання ўкраінскага грамадзянства ва ўмовах адсутнасці дыпламатычных прадстаўніцтваў шэрагу дзяржаў. Асаблівая ўвага была нададзена праблемам беларусаў, паведаміў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Удзельнікі абмеркавалі магчымасці аўтаматычнага або спрошчанага падаўжэння дакументаў для замежнікаў, якія жывуць ва Украіне і дапамагаюць краіне ва ўмовах расійскай агрэсіі. Беларускую супольнасць на нарадзе прадстаўляў кіраўнік грамадскага саюза «Білоруська спільнота України» Аляксей Францкевіч, арганізацыя якога ўваходзіць у Раду грамадскіх аб’яднанняў нацыянальных меншасцяў Украіны. У абмеркаванні таксама ўдзельнічаў пасол украінскага МЗС па асаблівых даручэннях па пытаннях дэмакратычных трансфармацый, узаемадзеяння з дэмакратычнымі сіламі і нацыянальнымі рухамі недружалюбных краін Яраслаў Чарнагор.
Вячорка адзначыў, што пасля візіту дэлегацыі ў Кіеў ва ўкраінскіх уладаў з’явілася палітычная воля вырашаць праблемы беларусаў ва Украіне, і выказаў за гэта падзяку.