У Казахстане праходзіць рэферэндум па новай Канстытуцыі

У Казахстане стартаваў рэферэндум па пытанні прыняцця новай Канстытуцыі. У бюлетэні адно пытанне: «Ці прымаеце вы новую Канстытуцыю Рэспублікі Казахстан, праект якой апублікаваны 12 лютага 2026 года?» Галасаваць можна толькі за ўвесь дакумент цалкам.

Права голасу маюць грамадзяне старэйшыя за 18 гадоў, уключаныя ў спісы выбарцаў — паводле даных на 1 студзеня 2026 года іх налічваецца 12,4 млн чалавек.

Рэферэндум лічыцца тым, што адбыўся, калі прагаласуе больш за палову выбарцаў — гэта значыць не менш за 6,2 млн чалавек. Новая Канстытуцыя будзе прынята, калі за яе прагаласуе большасць тых, хто прыйшоў на ўчасткі. Вынікі павінны абвясціць не пазней за 21 сакавіка.

Новая рэдакцыя закранула больш за 80% тэксту дзеючай Канстытуцыі. Прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў ахарактарызаваў яе як прыняцце «па сутнасці, новай Канстытуцыі».

Ключавыя змены дакумента — пераход да аднапалатнага парламента — Курултая, увядзенне пасады віцэ-прэзідэнта, стварэнне Народнага савета Казахстана, замацаванне тэнге ў асноўным законе, удакладненне статусу рускай мовы — з «нароўні» на «побач» з казахскай, а таксама забарона двайнога грамадзянства. Акрамя таго, з пераліку форм публічных мерапрыемстваў выключаны дэманстрацыі, шэсці і пікеты — застаецца толькі права на мірныя сходы. Пералік падстаў для іх абмежавання пашыраны, у прыватнасці дададзена «маральнасць грамадства». Упершыню замацоўваецца вызначэнне шлюбу як саюза мужчыны і жанчыны.

Калі рэферэндум завершыцца поспехам, новая Канстытуцыя ўступіць у сілу 1 ліпеня 2026 года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!