Кіроўцу аўтобуса з Чавусаў будуць судзіць па справе аб гібелі сужэнцаў на аўтастанцыі

Пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 42-гадовага жыхара Чавусаў, якога абвінавачваюць у парушэнні правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспарту, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух чалавек.

Нагадаем, трагедыя адбылася 16 мая 2026 года на чавускай аўтастанцыі. Кіроўца гарадскога аўтобуса, завяршыўшы рэйс, выйшаў з транспартнага сродку і падчас размовы па мабільным тэлефоне не заглушыў рухавік і не ўключыў стаяначны тормаз. Аўтобус пачаў самаадвольны рух і наехаў на сужэнцаў — мужчыну 1959 года нараджэння і жанчыну 1956 года нараджэння. Ад атрыманых траўмаў яны памерлі на месцы.

Дзеянні кіроўцы кваліфікаваныя паводле часткі 3 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса.

Абвінавачаны застаецца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах, паведамілі ў прэс-службе Генпракуратуры.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!