У Гомельскай вобласці адмененыя заняткі ў школах 10 студзеня

Заняткі ў школах Гомельскай вобласці адмененыя 10 студзеня з-за надвор’я. Рашэнне пра гэта было прынята сёння на пасяджэнні штаба пад кіраўніцтвам старшыні аблвыканкама Івана Крупко, паведамляе прэс-служба аблвыканкама.

Зараз вышыня снежнага покрыва на Гомельшчыне складае 22–40 см. У бліжэйшыя суткі чакаецца невялікі або ўмераны снег, месцамі галалёд і галалёдзіца. З 10 студзеня і да канца наступнага тыдня тэмпература паветра панізіцца. У асобных раёнах тэмпература ўначы 13 і 14 студзеня складзе –23.. –30°С.

Два населеныя пункты ў вобласці застаюцца без электразабеспячэння.

На працягу сутак супрацоўнікі МНС 4 разы аказвалі дапамогу ў буксіроўцы транспарту. Са снежных заносаў дасталі легкавыя і грузавыя аўтамабілі. МНС таксама ўдзельнічае ва ўборцы снегу.

На трасах М-5, М-10 і М-8 будуць разгорнуты пункты абагрэву.

Цыклон «Улі» з вялікімі снегападамі абрынуўся на Беларусь у ноч на 9 студзеня.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!