Фото: facebook.com/migracijaLT
Новая кіраўніца Дэпартамента міграцыі Літвы Індрэ Гасперэ заявіла пра неабходнасць узмацніць міграцыйную палітыку, каб спыніць злоўжыванні і падробку дакументаў грамадзянамі трэціх краін, якія прыязджаюць у Літву.
Гасперэ падкрэсліла ў інтэрв’ю радыё LRT, што Літва не імкнецца скараціць колькасць мігрантаў.
«Няма такога, што мы хочам зменшыць колькасць мігрантаў як такую. Мы хочам узмацнення, каб не было злоўжыванняў, каб не падаваліся падробленыя дакументы, каб не прыязджалі на адных падставах, а знаходзіліся ў Літве на іншых», — заявіла яна.
Кіраўніца Дэпартамента міграцыі прывяла прыклады злоўжыванняў з боку іншаземцаў — прыезд у Літву на падставе вучобы для фактычнай працы, заключэнне фіктыўных шлюбаў.
Гасперэ таксама выказалася за большую інтэграцыю мігрантаў у літоўскае грамадства.
«Каб мы супрацоўнічалі з супольнасцямі іншаземцаў і бачылі агульны інтарэс — што інтэграцыя ў наша грамадства адпавядае і іх інтарэсам. Ад гэтага выйгралі б мы ўсе. Таму я бачу інтэграцыю і вывучэнне літоўскай мовы як вельмі пазітыўную змену», — адзначыла яна.
На думку чыноўніцы, мігранты павінны вывучаць літоўскую мову, асабліва калі працуюць у сферы паслуг.
«Цяпер варта было б патрабаваць сертыфікат узроўню A1 ад усіх людзей, якія працуюць у сферы паслуг. Таму што гэта проста знак павагі да дзяржавы», — лічыць яна.