У французскай выставе фотакніг – шортлістараў прэміі Карцье-Брэсана — удзельнічае беларуская мастачка Леся Пчолка

Фонд Анры Карцье-Брэсана – вельмі важная інстытуцыя у сферы фатаграфіі – зладзіў выставу фотакніг, адабраных для ўдзелу ў конкурсе самвыдатаўскіх кніг прэміі Анры Карцье-Брэсана. У выставе ўдзельнічае кніга Лесі Пчолкі «Desent into the Marsh», якая ўвайшла ў шорт-ліст Henri Cartier-Bresson Self-Published PhotoBook Award.

Прэмія падтрымлівае самастойна выдадзеныя фотакнігі. 35 кніг былі выбраны прафесійным журы з больш чым 300 прапаноў з 62 краін.

Імпрэза пад назвай «Bold», падчас якой адкрылася выстава фотакніг, праходзіць з 17 па 18 студзеня і суправаджаецца багатай праграмай.

Фрагмент выставы фотакніг. Фота: Леся Пчолка

Кніга Лесі Пчолкі «Descent into the Marsh» параўноўвае тактыкі супраціву ў Ганконгу і Беларусі, як прыклады гарызантальных рэвалюцый новага часу. Кніга існуе як адкрыты архіў: у ёй ёсць стыкеры з артыкуламі ў СМІ, аўтарка працягвае збіраць новыя – гэта яе спосаб распавядаць пра тое, што не скончылася.

Намінацыю ў такім прэстыжным конкурсе аўтарка лічыць знакам прызнання і фактам таго, што гісторыя беларускіх пратэстаў застанецца ў міжнародным кантэксце сучаснай дакументальнай фатаграфіі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!