Двое грамадзян Беларусі затрыманыя ў Тайландзе па справе аб нелегальным пракаце аўтамабіляў

Паліцыя Тайланда затрымала двух грамадзян Беларусі, падазраваных у арганізацыі нелегальнага бізнесу па арэндзе аўтамабіляў на востраве Пхукет. Паводле звестак следства, іх дзейнасць была звязаная з шэрагам дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам замежных кіроўцаў, піша AseanNow.

Падставай для расследавання сталі некалькі аварый, у якіх фігуравалі аўтамабілі, узятыя напракат у адным і тым жа пункце арэнды на вуліцы Саюан (Saiyuan). У ходзе праверкі высветлілася, што кліенты маглі атрымліваць аўтамабілі без прад’яўлення дзейных вадзіцельскіх пасведчанняў, а сам бізнес працаваў без неабходнага дазволу.

Рэйд у раёне Равай правяла паліцыя Чалонга. Улады лічаць, што фармальна кампанія была аформленая на грамадзян Тайланда. Такая схема выкарыстоўваецца для абыходу абмежаванняў на вядзенне бізнесу замежнікамі ў каралеўстве.

Затрыманым прад’яўлены абвінавачанні ў вядзенні прадпрымальніцкай дзейнасці без дазволу, а таксама ў выкарыстанні намінальных тайскіх уладальнікаў, што забаронена тайскім заканадаўствам.

Адзначаецца, што справа стала чарговым сігналам для замежных прадпрымальнікаў пра прававыя абмежаванні вядзення бізнесу ў Тайландзе. Улады працягваюць расследаванне, каб высветліць, наколькі распаўсюджаная гэтая практыка ў рэгіёне.

Газета Bangkok Post паведаміла, што гэтая справа можа прывесці да ўзмацнення мер па забеспячэнні выканання законаў і прафілактыцы, накіраваных на стрымліванне несанкцыянаванай дзейнасці замежных прадпрыемстваў у Тайландзе.

Як піша Hey Thailand News, рэйд стаў часткай маштабнай кампаніі ўладаў супраць так званых «намінальных» кампаній, аформленых на тайцаў, але фактычна кіраваных замежнікамі. За апошнія два гады паліцыя зафіксавала сотні выпадкаў канфіскацыі аўтамабіляў і матацыклаў, звязаных з замежнікамі.

Паводле інфармацыі выдання, беларуская пара выкарыстоўвала мэсэнджары для арганізацыі штодзённай арэнды, збірала аплату ў крыптавалюце і наяўнымі і не правярала наяўнасць міжнародных вадзіцельскіх правоў. Прынамсі сем аварый, у тым ліку інцыдэнт напярэдадні Новага года са шпіталізацыяй тайскага матацыкліста, адбыліся з удзелам транспарту, арандаванага праз гэтую фірму.

Аўтары адзначаюць, што дадзеная справа — не адзінкавы выпадак. З 2024 года на востраве былі выяўлены дзясяткі нелегальных пунктаў арэнды, звязаных з ураджэнцамі Расіі, Кітая, Ізраіля і іншых краін.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!