У мастачкі і даследчыцы Лесі Пчолкі выйшла «адкрытая» кніга пра пратэсты ў Беларусі і Ганконгу

У сваёй мастацкай практыцы Леся Пчолка праз фатаграфію, відэа, інсталяцыі і архіўныя матэрыялы даследуе калектыўную памяць, гісторыю беларускай штодзённасці, а таксама закранае працу з супольнасцю.

Кніга «Desent into the Marsh» — першая кніга мастачкі. Яна з’яўляецца своеасаблівым адкрытым архівам і змяшчае ў сабе даследаванне пратэстаў у Ганконгу (2019–2020) і ў Беларусі (2020–2021). Аўтарку цікавілі сімвалы, жэсты, колеры, якія выкарыстоўвалі ўдзельнікі пратэстаў, то-бок нябачныя коды, якімі можна карыстацца як універсальнай мовай.

Хоць гэты праект і атрымаў выгляд кнігі, ён мае адкрытую форму і заклікае да ўдзелу: унутры ёсць налепкі з важнымі артыкуламі, якія можна ўклеіць у кнігу.

Тэкст выглядае як інструкцыя, мае ў сабе шмат адсылак на розныя крыніцы і запрашае для самастойнага пошуку. Гэта аўтарскі метад паказаць гісторыю, якая яшчэ не скончана.

Скрын відэа.

Аналітычныя матэрыялы пастаянна збіраюцца, напрыклад, на бліжэйшай прэзентацыі праекта, 24 студзеня ў галерэі alpha nova у Берліне, будуць дадавацца новыя стыкерпакі.

«У мяне няма гэтых фатаграфій на ўласным сайце, — расказала reform.news Леся Пчолка. — Я лічыла, што недастаткова проста паказваць раздрукаваныя фатаграфіі. Калі ўдзельнічала ў выставах і мела магчымасць прапанаваць экспазіцыю, я шукала спосабы прадставіць фота так, каб яны маглі выступаць як маніфест. Мы маем крытычную патрэбу ў кнігах, бо гісторыя беларускага пратэсту атрымала недастатковае асвятленне ў сусветных СМІ. Пасля ўварвання Расіі ва Украіну беларусаў хутка асацыявалі з рускімі, і пратэст быў зняважаны.

Але тое, што адбылося, было рэвалюцыяй новага часу. Мы ўсвядомілі сябе як адзіную супольнасць. І я шукала спосаб рэпрэзентацыі, каб людзі з іншых краін зразумелі нас. Але людзі хочуць прыклад, каб выбудаваць сабе ясную логіку. Але ў Еўропе няма рэальных прыкладаў, падобнага да нашага пратэсту. І адчуванне ўзроўню небяспекі і страху вельмі складана растлумачыць.

У 2023 годзе я пазнаёмілася з мастаком з Ганконга. Нашы гутаркі дапамаглі мне ўбачыць шмат падобнага ў пратэстах у Ганконгу і Беларусі. Аб’яднанне праз лічбавыя тэхналогіі і гарызантальныя формы кіравання — гэта характарыстыкі сучасных рэвалюцый. Да і Кітай становіцца ўсё больш уплывовым у Беларусі. Сітуацыя знаходжання паміж дзвюма імперыямі, як прыклад Ганконга, паміж дзвюма сістэмамі — гэта тое, што добра разумее кожны беларус. Карацей у нас шмат агульнага, толькі мастоў паміж намі пакуль няшмат.

Публічнасць — гэта форма абароны. Цяпер складана пачуць што-небудзь пра Беларусь, бо няма візуальных сведчанняў. Таму я рада, што кніга выйшла з друку пад канец гэтага перыяду да «новых выбараў».

Кніга «Desent into the Marsh» напісана на англійскай мове.

Куратарка праекта Катажына Зеліньска, полька, якая жыве ў Берліне. Дызайнеры выдання — Караліна Петшык і Тобіяс Веніг.

Кніга — афіцыйны самвыдат з ISBN тыражом 250 экзэмпляраў.

Як набыць выданне, аўтарка паведаміць пазней на сваёй старонцы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!