У Фінляндыі ўпалі два беспілотнікі

Сёння раніцай у паветранай прасторы Фінляндыі над марской акваторыяй і ў паўднёва-ўсходняй частцы краіны былі выяўлены некалькі павольна лятаючых на малой вышыні невялікіх аб’ектаў. Для іх ідэнтыфікацыі ў раён вылецеў знішчальнік F/A-18 Hornet ваенна-паветраных сіл Фінляндыі, паведамляе Міністэрства абароны краіны.

«На тэрыторыю Фінляндыі заляцелі беспілотнікі. Мы ставімся да гэтага вельмі сур’ёзна. Органы бяспекі неадкладна адрэагавалі на сітуацыю. Расследаванне падзей працягваецца, і больш падрабязная інфармацыя будзе прадстаўлена пасля пацвярджэння дадзеных», — заявіў міністр абароны Фінляндыі Антці Хяккянен.

Ваенна-паветраныя сілы Фінляндыі пацвердзілі, што адзін з дронаў з’яўляецца ўкраінскім AN196, піша Yle.

З 8:13 нядзелі да тэрытарыяльных вод Фінляндыі пачалі набліжацца некалькі павольных аб’ектаў, меркавана ідэнтыфікаваных як дроны. Для іх распазнавання ў раён вылецелі знішчальнікі F/A-18 Hornet. У 8:45 адзін з аб’ектаў быў візуальна апазнаны як украінскі дрон AN196 на поўдзень ад Коувола. Пілот не адкрываў агонь. Частка выяўленых аб’ектаў пры візуальным аглядзе аказалася зграямі птушак.

Паводле наяўных дадзеных, адзін дрон упаў на поўнач ад Коувола, другі — на ўсход ад горада. Паліцыя атрымала паведамленне пра падзенне аб’екта ў лясным масіве каля 10:00 і ачапіла раён працягласцю каля двух кіламетраў. У аперацыі на месцы ўдзельнічаюць некалькі ведамстваў, у тым ліку вайскоўцы і пажарныя. Пацярпелых няма.

Прэм’ер-міністр Фінляндыі Петэры Орпа заявіў, што беспілотнікі, верагодна, украінскага паходжання. На пытанне пра тое, ці будуць у далейшым збівацца дроны, што залятаюць, прэм’ер адказаў, што рашэнне будзе прымацца ў кожным канкрэтным выпадку — агульнага загаду на знішчэнне дронаў на дадзены момант няма.

У раёне падзення дронаў уведзена забарона на палёты. Папярэдняе расследаванне вядзе памежная ахова Фінскага заліва. Ваенна-паветраныя сілы падтрымліваюць узмоцненую гатоўнасць да назірання і аховы паветранай прасторы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!