У беларускай частцы Белавежскай пушчы ўпершыню знайшлі ўнікальны грыб

Навукоўцы ўпершыню выявілі ў беларускай частцы Белавежскай пушчы ўнікальны грыб, названы ў гонар гэтага ляснога масіву.

Цыфелапорыя белавежская (Cyphelloporia bialoviesensis) — ультрарэдкі від, які за межамі пушчанскага масіву практычна не сустракаецца.

«У мікалагічных базах даных значыцца толькі не пацверджаны гербарны ўзор з Ніжагародскага Заволжа Расіі. Фактычна гэта азначае, што на сённяшні дзень адзіная ў свеце стабільна існуючая і пацверджаная папуляцыя гэтага віду жыве ў Белавежскай пушчы, у гонар якой ён і быў названы навукоўцамі», — расказалі ў навуковым аддзеле нацыянальнага парку.

Усе выяўленыя да гэтага часу ўзоры грыба раслі выключна на мёртвай драўніне елкі звычайнай.

«Акрамя таго, усе знаходкі зроблены выключна ў вільготным ялова-альховым лесе з вялікай колькасцю ламачча і сухастою. Толькі ў такіх унікальных мікракліматычных умовах, з пастаяннай высокай вільготнасцю і багаццем драўніны, якая раскладаецца, гэты грыб здольны існаваць.

Такая вузкая спецыялізацыя робіць цыфелапорыю не проста рэдкім, а сапраўды ўразлівым відам-індыкатарам першабытных лясоў, што, без сумневу, з’яўляецца чарговым неабвержным доказам важнасці запаведнай зоны як прытулку для самых рэдкіх відаў флоры і фаўны. Яе існаванне напрамую залежыць ад бесперапыннасці генерацый яловага ламачча. Выдаленне паваленых ствалоў, напрыклад падчас санітарных высечак або ачысткі лесу, аўтаматычна вядзе да поўнага знікнення мікрабіятопу грыба.

Гэта знаходка наглядна даказвае, што мёртвая драўніна ў Белавежскай пушчы — не смецце, а ключавы кампанент экасістэмы, фундамент, на якім трымаецца жыццё велізарнай колькасці найрэдкіх арганізмаў. Буйнамернае ламачча забяспечвае кругазварот рэчываў — вяртае ў глебу пажыўныя элементы, утрымлівае каштоўную вільгаць, забяспечвае субстратам вузкаспецыялізаваныя віды, тым самым захоўваючы ўнікальны генафонд планеты. Запаведны рэжым пушчанскіх лясоў, дзе натуральныя працэсы ніколі не парушаюцца чалавекам, застаецца адзіным гарантам выжывання падобных рэліктавых арганізмаў», — патлумачылі ў навуковым аддзеле.

Трэба адзначыць, што нядаўна Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Брэсцкую вобласць якраз патрабаваў «навесці парадак» ў Белавежскай пушчы, праўда, у выніку пагадзіўся, што запаведную частку ляснога масіву чапаць не варта.

Фота: Нацпарк «Белавежская пушча»
Фота: Нацпарк «Белавежская пушча»
Фота: Нацпарк «Белавежская пушча»
Фота: Нацпарк «Белавежская пушча»
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!