Фото: Ivan Aleksic / Unsplash.com
Міністэрства адукацыі 5 сакавіка правядзе ва ўсіх школах урок «Беларуская жанчына – сімвал сілы і натхнення». Ён будзе прымеркаваны да Дня жанчын.
“На працягу ўсёй гісторыі беларускія жанчыны адыгрывалі ключавую ролю ў развіцці грамадства: выхоўвалі пакаленні з традыцыйнымі каштоўнасцямі гонару, дабрыні і стойкасці, былі маральным арыенцірам, перадаючы мудрасць і духоўную сілу праз стагоддзі”, – заявілі ў міністэрстве.
Сёння, паводле версіі адукацыйнага ведамства, яны паспяхова спалучаюць клопат пра сям’ю, выхаванне дзяцей з працай і грамадскай дзейнасцю. Міністэрства таксама апублікавала матэрыялы для правядзення ўрока.
Падчас урока неабходна падвесці школьнікаў да разумення ўкладу беларускіх жанчын у розныя сферы жыцця. Таксама яны павінны засвоіць, што мацярынства, выхаванне дзяцей і клопат пра сям’ю – найважнейшыя ролі жанчын у грамадстве.
У падрыхтоўцы ўрока прапануецца выкарыстоўваць матэрыялы з сайта ўпраўлення справамі Лукашэнкі пра Год беларускай жанчыны, перадрук інтэрв’ю Наталлі Качанавай газеце «СБ. Беларусь сёння», размешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, а таксама дапаможнік для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.