Фото: прокуратура Гомельской области
Пракуратура Гомельскай вобласці адчыталася аб маніторынгу работы камунальных службаў у перыяд снегападаў і маразоў. Адзначаецца, што ў цэлым яны аператыўна рэагавалі на пагодныя з’явы. Аднак, як звычайна, былі выяўлены асобныя недахопы.
“Ва ўмовах снегападаў пры расчышчэнні праезнай часткі, пераходаў і тратуараў у Мазыры ўтвараліся снежныя валы шырынёй больш за метр, якія ў асобных месцах наогул блакіравалі пешаходныя пераходы і месцы стаянкі транспартных сродкаў”, – гаворыцца ў паведамленні.
У Чачэрску прэтэнзіі пракурораў датычыліся таго, што пад’язныя шляхі да пляцоўкі складзіравання снегу не былі расчышчаны.
У Гомелі несвоечасова ачышчаліся дахі і фасады ад снегу, наледзі і ледзяшы.
“У Рэчыцкім і Петрыкаўскім раёнах выяўлены стыхійныя горкі, спуск з якіх ствараў рэальную пагрозу выезду на праезную частку дарогі і да водных аб’ектаў”, – распавялі ў пракуратуры.
Па ўсіх фактах былі вынесены прадстаўленні, прадпісанні і накіраваны інфармацыйныя запіскі.