Фото: Johannes Daleng, unsplash.com
Урад Беларусі зацвердзіў Дзяржаўную праграму «Інфраструктура бяспекі насельніцтва» на 2026–2030 гады, скіраваную на павышэнне абароны грамадзян і ўмацаванне пажарнай і радыяцыйнай бяспекі. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.
Агульны аб’ём фінансавання праграмы складзе 452,02 млн рублёў, з якіх 390,02 млн паступяць з рэспубліканскага бюджэту і 62 млн — з мясцовых бюджэтаў.
Праграма ўключае дзве падпраграмы: «Развіццё выратавальнай інфраструктуры», якая прадугледжвае будаўніцтва і рэканструкцыю аб’ектаў МНС для захоўвання і абслугоўвання пажарна-выратавальнай тэхнікі, і «Радыяцыйная бяспека», скіраваную на абарону ад радыяцыйных пагроз, падтрымку аб’ектаў ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, а таксама мерапрыемствы, звязаныя з фактарамі Чарнобыльскай катастрофы і функцыянаваннем Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
“Пастанова падрыхтавана з мэтай захавання бяспекі насельніцтва, нейтралізацыі пагроз нацыянальнай бяспецы, выкліканых наяўнасцю аб’ектаў ядзернай спадчыны”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.