У Беларусі можа з’явіцца лічбавы пашпарт грамадзяніна

Дзяржпраграма «Лічбавая Беларусь» на 2026–2030 гады прадугледжвае скарачэнне папяровага дакументаабароту за кошт выкарыстання лічбавых вобразаў дакументаў пры вырашэнні розных жыццёвых і дзелавых сітуацый. Сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавана пастанова Савета Міністраў №793 ад 30 снежня, якой была зацверджана праграма.

У тэксце дакумента гаворыцца, што ў наступнай пяцігодцы мяркуецца прапрацаваць фарміраванне і пачаць выкарыстоўваць лічбавыя вобразы шэрагу дакументаў, сярод якіх ёсць і пашпарт грамадзяніна. Акрамя таго, мяркуецца, што могуць быць алічбаваныя:

  • вадзіцельскае пасведчанне;
  • страхавое пасведчанне дзяржаўнага сацыяльнага страхавання;
  • звесткі з індывідуальнага асабовага рахунку;
  • дазвол на часовае пражыванне;
  • пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі транспартнага сродку;
  • ваенны білет;
  • пенсійнае пасведчанне;
  • пасведчанне аб рэгістрацыі акта грамадзянскага стану (аб нараджэнні, аб заключэнні шлюбу, аб скасаванні шлюбу, аб устанаўленні бацькоўства, мацярынства, аб змене імя);
  • пасведчанне інваліда;
  • пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў дачыненні да аб’екта нерухомай маёмасці і правоў на яго;
  • заключэнне медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі;
  • пасведчанне на права кіравання маторным маламерным суднам.

Дакладны пералік такіх дакументаў будзе вызначацца дзяржаўнымі органамі. У 2026 годзе дзяржпраграма павінна быць дапоўненая мерапрыемствамі па стварэнні або мадэрнізацыі інфармацыйных рэсурсаў і сістэм для фарміравання такіх лічбавых дакументаў.

“У выніку грамадзянам павінна быць прадастаўлена магчымасць атрымання і выкарыстання даных пра сябе праз мабільныя і вэб-прыкладанні для аператыўнага вырашэння жыццёвых (дзелавых) сітуацый у электроннай форме”, — гаворыцца ў тэксце праграмы.

Урад таксама збіраецца забяспечыць магчымасць працы з ID-картай (ідэнтыфікацыя, аўтэнтыфікацыя, выпрацоўка электроннага лічбавага подпісу) з дапамогай мабільных прылад, а таксама магчымасць ажыццяўлення ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі з выкарыстаннем біяметрычных даных карыстальніка і ўнікальнага ідэнтыфікатара.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!