Костел Святого Иосифа Обручника в Орше. Фото: Википедия
Грэка-каталіцкая парафія Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Оршы не прайшла абавязковую перарэгістрацыю і спыніла існаванне. Пра гэта са спасылкай на крыніцы піша «Радыё Свабода». Паводле інфармацыі «Хрысціянскай візіі», Аршанская парафія збіралася на набажэнствы ў касцёле святога Язэпа па вуліцы Савецкай, 6.
Гэта стаў чацвёрты выпадак ліквідацыі грэка-каталіцкай супольнасці ў Беларусі. Такім чынам царква страціла 25% зарэгістраваных парафій. З 16 грэка-каталіцкіх парафій, якія дзейнічалі ў Беларусі ў 2024 годзе, перарэгістрацыю не прайшлі 4 — у Брэсце, Баранавічах, Івацэвічах і Оршы.
Маштабную перарэгістрацыю рэлігійных арганізацый улады Беларусі пачалі пасля прыняцця напрыканцы 2023 года закона аб змяненнях у сферы дзейнасці рэлігійных арганізацый. Падаць дакументы ўсе супольнасці былі абавязаны да 1 ліпеня 2025 года. Сярод новых патрабаванняў — поўная забарона на палітычную дзейнасць, абавязковае беларускае грамадзянства кіраўніка і наяўнасць не менш як 20 вернікаў у парафіі.
Зарэгістраваныя грэка-каталіцкія супольнасці захаваліся ў 8 беларускіх гарадах: Мінску (4 парафіі), Маладзечне, Віцебску (2 парафіі), Полацку, Гродне, Лідзе, Гомелі і Магілёве. Паводле даных «Радыё Свабода», сітуацыя амаль вярнулася да стану 1996 года, калі ў краіне дзейнічалі 11 уніяцкіх парафій.
Паводле ацэнкі «Хрысціянскай візіі», Беларуская грэка-каталіцкая царква стала адной з найбольш пацярпелых канфесій ад рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі ў сферы рэлігійных арганізацый.