Беларуса затрымалі каля банкамата ў Варшаве і абвінавацілі ў махлярстве

У Варшаве 35-гадоваму грамадзяніну Беларусі і 21-гадоваму грамадзяніну Украіны прад’яўлены абвінавачанні ў махлярстве.

Іх затрымалі каля банкамата ў варшаўскім раёне Бемова. «Абодва пастаянна падыходзілі да банкамата і нервова азіраліся па баках», — паведамляе паліцыя.

Затрыманыя патлумачылі, што здымаюць грошы пры дапамозе атрыманых банкаўскіх кодаў. Пры аглядзе ў ўкраінца знайшлі больш за 15 тысяч злотых наяўнымі і банкаўскую картку на чужое імя. Устаноўлена, што ўкраінец і беларус падманам атрымалі коды ад пацярпелых.

Абодвум прад’яўлены абвінавачанні ў махлярстве. Іх заключылі пад варту на тры месяцы.

Фота: wola.policja.gov.pl
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!