Скриншот видео t.me/mart_gov_by
Беларусь разлічвае на візіт прэзідэнта Егіпта, адпаведнае запрашэнне накіравана і папярэдне пацверджана егіпецкім бокам. Пра гэта паведаміў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч па выніках восьмага пасяджэння беларуска-егіпецкай сумеснай гандлёвай камісіі ў Мінску, піша БелТА.
Паводле яго слоў, Беларусь разглядае Егіпет як пункт уваходу на афрыканскі кантынент і пляцоўку для размяшчэння беларускай прамысловасці.
“Мы чакаем, што егіпецкі бок прыкладзе ўсе намаганні для таго, каб сюды быў арганізаваны візіт прэзідэнта Егіпта. Мы адкрытыя. Адпаведнае запрашэнне было накіравана, папярэдне пацверджана. Таму спадзяёмся, што гэта стане яшчэ адным імпульсам для развіцця нашых двухбаковых адносін”, — заявіў ён.
Папярэдняе пасяджэнне беларуска-егіпецкай сумеснай гандлёвай камісіі прайшло ў 2023 годзе. Аб’ём узаемнага тавараабароту пакуль нязначны. Сярод прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва Карповіч назваў пастаўкі тэхнікі МАЗ і МТЗ.
Бакі рухаюцца да стварэння сумесных вытворчасцяў на тэрыторыі Егіпта, а таксама разглядаюць магчымасць арганізацыі там хаба прамысловай прадукцыі. Плануецца падпісанне трохбаковага дагавора аб пастаўках беларускай тэхнікі ў Егіпет і егіпецкай садавіны ў Беларусь. Карповіч таксама выказаў гатоўнасць пашырыць пастаўкі спажывецкіх тавараў і прадуктаў харчавання.
Ён прызнаў складанасці з банкаўскімі плацяжамі праз санкцыі, аднак заявіў, што бакі шукаюць спосабы абысці бар’еры.
Дэлегацыя Егіпта на чале з міністрам інвестыцый і знешняга гандлю Махамедам Фарыдам Салехам знаходзіцца ў Беларусі з 4 па 8 мая. Беларуска-егіпецкі бізнес-форум адбудзецца 7 мая.