У Беларусі паўторна затрымалі галоўнага рэдактара выдавецтва “Тэхналогія” Дзмітрыя (Змітра) Санько, піша “Наша Ніва”. У лютым яго затрымлівалі, але не арыштавалі. Паводле даных выдання, гэтым разам гаворка можа ісці аб крымінальнай справе.
Дзмітрый Санько — кандыдат біялагічных навук, мовазнавец і адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Больш за 30 гадоў ён узначальваў выдавецтва “Тэхналогія”, якое прыпыніла працу пасля лютаўскіх арыштаў. 31 сакавіка яму споўніцца 76 гадоў.
У лютым сілавікі правялі масавыя затрыманні выдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў у Мінску, а 3 сакавіка КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» «Кааліцыю друкаваных выдавецтваў «Фонд Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing». Датычнымі да «фарміравання» былі названы Яраслаў Іванюк, Дзмітрый Колас, Ігар Логвінаў, Вацлаў Багдановіч, Андрэй Янушкевіч, Аляксандр Яўдаха.
Сёння паведамлялася, што кнігараспаўсюднік Аляксандр Яўдаха вызвалены са следчага ізалятара КДБ, выдавец Вацлаў Багдановіч — з ізалятара часовага ўтрымання. У зняволенні застаецца перакладчык і выдавец Зміцер Колас.
Навукова-вытворчы кааператыў “Тэхналогія” быў заснаваны ў 1988 годзе і стаў першым прыватным выдавецтвам у Беларусі. Асноўныя напрамкі дзейнасці — кнігавыданне (навуковыя, навукова-папулярныя, даведачныя, літаратурна-мастацкія выданні на розных мовах), паліграфія (выпуск кніг, брашур, бланкаў, буклетаў, праспектаў, календароў) і пастаўка медыцынскай тэхнікі.
