Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падпісаў пастанову Савета міністраў «Аб радыёчастотным спектры», якая ўносіць шэраг змяненняў у рэгуляванне рынку электрасувязі.
Дакумент абавязвае аператараў не дапускаць запазычанасці на асабовым рахунку абанента звыш пяці базавых велічынь — на сёння гэта 225 рублёў. Мера накіравана перш за ўсё на абарону ад ненаўмыснага назапашвання значных даўгоў у роўмінгу, адзначаюць у прэс-службе ўрада.
Акрамя таго, пастанова аптымізуе працэдуры атрымання дазволаў на выкарыстанне радыёчастотнага спектра. Паводле разлікаў уладаў, гэта дазволіць скараціць тэрмін будаўніцтва аб’ектаў сотавай сувязі больш чым на 50 дзён і тым самым палепшыць якасць пакрыцця ў краіне.
Аператараў таксама абавязалі праводзіць апытанні абанентаў аб якасці паслуг сувязі — з дапамогай СМС-паведамленняў і тэлефонных званкоў.
Для радыёаматараў устаноўлены памер штогадовай платы за выкарыстанне радыёчастотнага спектра — 0,2 базавай арэнднай велічыні за кожны выкарыстаны радыёэлектронны сродак.