Турчын патрабуе ад Мінпрацы рэгуляваць заробкі

Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын на калегіі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны запатрабаваў ад ведамства рэгуляваць узровень заробкаў.

«Рост заробкаў павінен залежаць ад эфектыўнасці працы, а не ад знешніх фактараў!» – цытуе яго прэс-служба ўрада.

Трэба адзначыць, што падчас нядаўняй справаздачы ўрада Аляксандр Лукашэнка ўжо ўказваў на тое, што тэмпы росту заробкаў у краіне апярэджваюць рост прадукцыйнасці працы.

Турчын сёння таксама запатрабаваў сфарміраваць выразную стратэгію кіравання працоўнымі рэсурсамі. Яна павінна ўключаць:

  • работу з усімі катэгорыямі не занятых у эканоміцы,
  • алгарытм прыцягнення рабочай сілы, у тым ліку замежнай, прадуманы з пункту гледжання эканамічнай эфектыўнасці і арганізацыйна-сацыяльных наступстваў,
  • шляхі ліквідацыі недахопу кадраў і іх рацыянальнага размеркавання.

«У цяперашніх дэмаграфічных умовах на першы план вылучаецца неабходнасць забяспечыць эфектыўнае выкарыстанне наяўных працоўных рэсурсаў. Сумесна з Міністэрствам адукацыі трэба прымаць меры рэгулюючага і стымулюючага характару па забеспячэнні хуткага ўцягвання ў працоўную дзейнасць выпускнікоў ВНУ і ССНУ», – падкрэсліў прэм’ер.

Мінпрацы таксама павінна аптымізаваць кваліфікацыйныя патрабаванні і заняцца нармаваннем працы.

«Перш за ўсё іх актуалізацыя ва ўмовах зменлівага рынку працы. Неабходна прывесці кваліфікацыйныя характарыстыкі пасад служачых і прафесій рабочых у адпаведнасць з рэальнымі запытамі эканомікі», – сказаў ён.

Прэм’ер патрабуе ад міністэрства ўздзейнічаць на ментальныя ўстаноўкі моладзі ў рамках рэалізацыі праграмы «Развіццё дэмаграфічнага патэнцыялу» на 2026-2030 гады

«Самае важнае на бягучы момант – вызначыць тыя пункты, якія мы сапраўды можам адрэгуляваць, каб стымуляваць нараджальнасць, уздзейнічаць на ментальныя ўстаноўкі і мадэлі паводзін моладзі», – сказаў ён.

Ён акцэнтаваў увагу на тэме бюракратычных працэдур, з якімі даводзіцца сутыкацца людзям, што маюць патрэбу ў атрыманні сацыяльных паслуг. На яго думку, патрабуецца паскоранымі тэмпамі алічбаваць сістэму дзяржаўных дапамог і пенсій.

«Перавагі для грамадзян, дзяржаўных структур і бізнесу каласальныя. Людзям не трэба збіраць кіпу папер і хадзіць па кабінетах, сістэма сама ўбачыць, напрыклад, факт нараджэння дзіцяці і ініцыюе выплаты дапамог. Гэта выключыць папяровую валакіту і зэканоміць мільёны чалавека-гадзін. Укараняючы лічбавізацыю, мы вызваляем велізарны рэсурс часу, зніжаем выдаткі ў маштабах краіны, ствараем зручнасці для нашых грамадзян», – сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!