Уладальнік "Залатой пальмавай галінкі" за фільм "Ф'ёрд" румынскі рэжысёр Крысціян Мунджыу. Фота: сацсеткі Канскага фестываля.
У Канах завяршыўся адзін з галоўных сусветных кінааглядаў. Увечары 23 мая на ўрачыстай цырымоніі закрыцця міжнароднае журы абвясціла лаўрэатаў 79-га Канскага кінафестывалю. Галоўную ўзнагароду — «Залатую пальмавую галінку» — атрымаў румынскі рэжысёр Крысціян Мунджыу за сацыяльную драму «Ф’ёрд» (Fjord).
Для Мунджыу гэта ўжо другі вышэйшы трафей у Канах (першы ён атрымаў у 2007 годзе за культавы фільм «4 месяцы, 3 тыдні і 2 дні»). Яго новая стужка «Ф’ёрд», створаная ў капрадукцыі Румыніі і Нарвегіі, распавядае гісторыю кансерватыўнай сям’і, якая пераязджае ў глухую нарвежскую вёску і сутыкаецца з падазрэннямі ў гвалце з дзяцей з боку мясцовай юрыдычнай сістэмы і супольнасці.
Галоўныя ролі ў стужцы бліскуча выканалі Себасціян Стэн («Іншы чалавек») і Рэнатэ Рэінсве («Сентыментальная каштоўнасць»).
Адметнасць карціны заключаецца ў яе выбітнай мастацкай мове. У гэтай тонкай і праніклівай драме Мунджыу ўзнімае пытанне аб сумесным жыцці і паказвае на палярызацыю грамадства, якое ў нашы дні схільна да радыкалізацыі, ажно да таго, што забываецца на важнасць сумнення.
Адной з галоўных інтрыг фестывалю стала вяртанне на Кот-д’Азур пасля шматгадовай паўзы і цяжкай хваробы рэжысёра Андрэя Звягінцава. Яго новая стужка «Мінатаўр», якая ўзяла Гран-пры, была знятая цалкам за межамі Расіі ў капрадукцыі Латвіі, Францыі і Германіі.
Фільм з’яўляецца рымейкам фільма «Няверная жонка» (1969) Клода Шаброля, аднак сюжэт перанесены ў рэаліі Расіі ў першыя месяцы агрэсіі супраць Украіны ў 2022 годзе.
«Мінатаўр» — гэта камерная, амаль трылерная псіхалагічная драма, якая разгортваецца вакол адной заможнай сям’і, чыё спакойнае жыццё рушыцца, калі вонкі выплывае хлусня і здрада. Назва фільма адсылае да старажытнагрэчаскага міфа, дзе лабірынт — гэта сетка ўласнай хлусні герояў і сістэмы, а Мінатаўр — эгаістычнае, разбуральнае зло, якое жыве ўнутры чалавека і пажырае блізкіх. Рэжысёр даследуе, як з малых кампрамісаў з сумленнем і бытавой жорсткасці нараджаецца вялікае зло, здольнае паглынуць цэлую краіну.
Частка ўкраінскай супольнасці скептычна паставілася да «Мінатаўра», адзначаючы, што прытча пра «зло ў прыгожых дамах» выглядае як рэфлексія, якая проста не паспявае за жахамі рэчаіснасці, пакуль гэтае самае зло на практыцы матэрыялізуецца ў рэальныя ракетныя ўдары.
Для ўкраінцаў пазіцыя застаецца непахіснай — пакуль Расія вядзе вайну і знішчае ўкраінскую культуру, любыя расійскія галасы на сусветных пляцоўках павінны быць пастаўлены на паўзу. Нягледзячы на тое, што Звягінцаў адкрыта асудзіў ўварванне ва Украіну і пакінуў РФ, а на закрыцці фестывалю звярнуўся да Пуціна з заклікам спыніць вайну.
Ды ўсё ж прагучалі галасы, што карціна Звягінцава адно з найбольш сумленных выказванняў, створаных расійскімі творцамі.
«Тым не менш, калі расійская вайна ва Украіне стала настолькі нармалізаванай, і скасаванне расійскай культуры ў міжнароднай прасторы становіцца калі не немагчымым, то надзвычай складаным, як мы бачым ад Венецыянскай біенале да Канскага фестывалю, «Мінатаўр» прапануе нам кроплю сумленнасці з акіяна крывадушнасці», — адзначае Соня Вселюбська з Screenplay.com.ua.
Кінакрытыкі адразу звярнулі ўвагу на тое, што сёлетні спіс пераможцаў адрозніваецца анамальнай колькасцю падвоеных узнагарод: журы падзяліла прызы адначасова ў трох ключавых намінацыях (найлепшая рэжысура, найлепшая жаночая і найлепшая мужская ролі).
Поўны спіс лаўрэатаў асноўнага конкурсу 79-га Канскага кінафестывалю выглядае так:
79-ты Канскі кінафестываль праходзіў з 12 па 23 мая 2026 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram