Фото: Reform.by
Доля Расіі ў міжнародных аўтаперавозках беларускіх транспартных кампаній складае 70-75%. Пра гэта ў інтэрв’ю SB.by паведаміў гендырэктар Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў «БАМАП» Аляксандр Карпук.
“Сёння нашы ўсходнія суседзі для нас — не толькі наймацнейшы гандлёвы партнёр, але і найбуйнейшы транспартны рынак для айчынных перавозчыкаў. На яго прыпадае, паводле статыстыкі 2025 года, 70-75% усіх нашых перавозак”, — сказаў ён.
Ён таксама распавёў, што беларускія перавозчыкі сутыкаюцца з цяжкасцямі пры асваенні кітайскага рынку. У 2022 годзе Кітай выдзеліў беларускім кампаніям 1000 дазволаў. Цяпер гадавая квота складае 20 тыс., і вядуцца працы па яе павелічэнні ўдвая. Аднак кітайскі бок прадастаўляе сваім перавозчыкам дадатковыя перавагі.
“Разам з тым ёсць шэраг цяжкасцяў. Так, кітайскія перавозчыкі могуць грузіць на свае аўтамабілі значна больш тавараў, чым гэта можам зрабіць мы. І атрымліваецца, што сабекошт перавозкі аднаго і таго ж грузу да мяжы з Казахстанам або Расіяй для кітайцаў і для нас цалкам розны. У такіх умовах нам цяжка канкурыраваць з нацыянальнымі перавозчыкамі КНР на іх тэрыторыі”, — сказаў ён.
Паводле яго слоў, беларускія перавозчыкі знаходзяць спосабы аптымізаваць выдаткі, у тым ліку выконваючы некалькі паслядоўных перавозак па РФ, каб дабрацца да мяжы Кітая і там забраць патрэбны груз. Таксама складанасці ўяўляюць розніца ў гадзінных паясах і нізкая прапускная здольнасць пунктаў на расійска-кітайскай мяжы.