Скриншот видео
Чарговы раўнд трохбаковых перамоваў Украіны, Расіі і ЗША, які павінен быў адбыцца на гэтым тыдні, адкладаецца, заявіў сёння прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«Зараз прыярытэт партнёраў і ўся ўвага сканцэнтраваны на сітуацыі вакол Ірана, і з-за гэтага сустрэча, якая планавалася на гэтым тыдні па прапанове амерыканскага боку, адкладаецца. Але Украіна гатова да сустрэчы ў любы момант у тым фармаце, які можа дапамагчы і будзе рэалістычным з пункту гледжання заканчэння вайны», — заявіў Зяленскі.
Перамоўная каманда Украіны дала справаздачу Зяленскаму пра планы расійскага боку, атрыманыя ад разведак. Ён даручыў праінфармаваць ЗША пра гатоўнасць Украіны да стратэгічнай працы дзеля бяспекі, а таксама пацвердзіць гатоўнасць Кіева працаваць для завяршэння вайны.
«Мы бачым, што расіяне цяпер спрабуюць маніпуляваць сітуацыяй на Блізкім Усходзе і ў рэгіёне Заліва на карысць сваёй агрэсіі, а таксама ператварыць удары іранскага рэжыму па суседзях і амерыканскіх базах фактычна ў другі фронт расійскай вайны супраць Украіны і — шырэй — усяго Захаду. Гэтага дакладна нельга дапускаць. Злу нельга даваць магчымасці для каардынацыі, але абарона жыцця павінна быць дакладна скаардынавана», — заявіў Зяленскі.