Фото: Reform.by
У Мінск дастаўлены целы чатырох грамадзян Беларусі, якія загінулі ў ДТЗ у Грузіі на мінулым тыдні. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на МЗС.
«У Мінск пры садзейнічанні МЗС Беларусі і авіякампаніі “Белавія” адным рэйсам дастаўлены целы чатырох беларусаў, якія загінулі 12 жніўня ў выніку ДТЗ у Грузіі», — праінфармавалі ў міністэрстве.
Нагадаем, 12 жніўня ў Грузіі мікрааўтобус з беларусамі з’ехаў з дарогі, упаў у яр і ўрэзаўся ў дрэва. Загінулі чатыры чалавекі, 15 атрымалі траўмы. Усяго ў аўтобусе знаходзіліся 19 грамадзян Беларусі.
Кіроўца паспеў выпрыгнуць падчас падзення. Ён затрыманы. Расследуецца крымінальная справа. Ужо вядома, што ў кіроўцы не было адпаведнай катэгорыі вадзіцельскага пасведчання для перавозкі турыстаў. Акрамя таго, ён не забяспечыў бяспечную эксплуатацыю транспарту.