Фото: Денис Дзюба
У бліжэйшыя месяцы беларускае выдавецтва «Мяне няма» выпусціць адразу некалькі прыкметных навінак — ад новай кнігі Юлі Арцёмавай да першага беларускага выдання ранняй версіі мемуараў Марка Шагала і рамана Алены Глухавай, перакладзенага з французскай мовы. Напярэдадні гэтых рэлізаў Reform.news пагутарыў з адным із сузаснавальнікаў выдавецтва, пісьменнікам і рэдактарам Паўлам Анціпавым, пра тое, як сёння выжывае незалежнае кнігавыданне, чаму добрых кніг па-ранейшаму не хапае і якую літаратуру шукае «Мяне няма».
«Мяне няма» было заснавана ў Варшаве ў 2023 годзе і за гэты час выпусціла 19 кніг. Рэдактар прызнаецца, што спачатку разлічваў выдаваць больш, але даволі хутка стала зразумела, што падрыхтаваць кнігу да друку — толькі частка працы.
«Калі мы пачыналі, я думаў, што будзем рабіць вельмі хутка і кучу кніг. Але каманда захацела не проста друкаваць кнігі, а надаваць вялікую ўвагу іх распаўсюду, — кажа Анціпаў. — Калі б мы проста друкавалі кніжкі, ніхто б пра іх не ведаў. Мы прадавалі б адной кнігі 20–100 асобнікаў максімум, хутка рабілі б наступную. Але цяпер наш сярэдні наклад — гэта 500 кніг. Наколькі я памятаю, у Беларусі прададзены наклад у 300 асобнікаў — гэта было нешта нерэальнае, друкавалі пару соцень і прадавалі іх па некалькі гадоў. А ў нас 300 асобнікаў разыходзяцца за некалькі месяцаў».
Калі першыя кнігі «Мяне няма» знаходзілі свайго пакупніка ў Беларусі, то сёння, паводле слоў Анціпава, выдавецтва працуе найперш на аўдыторыю ў эміграцыі.
«Цяпер можна сказаць шчыра, што мы ўсё ж ужо эмігранцкае выдавецтва. Пасля ўсіх атак на выдавецтвы [на пачатку 2026 года ў Беларусі адбыліся масавыя затрыманні выдаўцоў і распаўсюднікаў кніг, а шэраг удзельнікаў кніжнай галіны быў прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем». — Reform.news] нашы кніжкі сталі ў разы менш замаўляць у Беларусь. Той рынак для нас закрыўся — чаго і дамагаліся людзі, якія гэта рабілі», — кажа ён.
Анціпаў мяркуе, што для многіх беларусаў у эміграцыі купля кніг стала адным са спосабаў захаваць сувязь са сваёй ідэнтычнасцю: «Магчыма, людзям хочацца падтрымаць сваю беларускасць, неяк адчуць сябе беларусамі. У тым ліку купляючы беларускія кнігі».
Так у выдавецтва сфарміравалася ўласная супольнасць чытачоў, якая і дапамагае распаўсюджваць кнігі далей.
Год таму на Reform.news разгарнулася невялікая дыскусія пра будучыню беларускага кнігавыдання. Галоўная рэдактарка Gutenberg Publisher Валянціна Андрэева казала пра неабходнасць правесці эканамічны аўдыт галіны і лепш зразумець, як сёння ўладкаваны кніжны рынак. Выдавец Андрэй Янушкевіч адказваў, што ключавыя задачы і так відавочныя: выпускаць больш новых кніг і прафесійна працаваць з аўдыторыяй. Анціпаў лічыць, што ў гэтых пазіцыях няма супярэчнасці.
«Калі ёсць час, правесці даследаванне — гэта нядрэнна. Любая дадатковая інфармацыя карысная. Але з другога боку, цяпер сапраўды трэба проста выдаваць як мага больш кніг, бо іх недастаткова».
Паводле яго слоў, попыт ёсць як з боку чытачоў, так і з боку аўтараў. Адным не хапае разнастайнасці — нехта шукае сучасную прозу, нехта хоча чытаць больш лёгкія тэксты, нехта стаміўся ад літаратуры, непасрэдна звязанай з палітыкай. Іншыя ўжо напісалі свае кнігі, але гадамі чакаюць магчымасці іх выдаць.
«Мне на пошту прыходзяць рукапісы, сярод іх ёсць вельмі нават нядрэнныя. Часам я адразу кажу: гэта класная кніга, але калі мы захочам вас выдаць, вам давядзецца чакаць больш за год. Я раю звярнуцца ў іншыя выдавецтвы. І добра, калі кніга ў выніку выходзіць там. Але некаторыя дагэтуль так і не былі апублікаваныя».
Галоўным абмежаваннем Анціпаў называе недахоп рэсурсаў: «Самае простае, чаго не хапае выдавецкаму працэсу, — грошай».
Паводле яго слоў, продаж кніг пакуль не дазваляе незалежным беларускім выдавецтвам існаваць без знешняй падтрымкі. У ідэальнай сітуацыі даходаў ад продажу кніг хапала б на заробкі супрацоўнікам, падрыхтоўку новых выданняў і развіццё праекта.
«У іншых краінах выдавецтвы падтрымліваюцца на дзяржаўным узроўні. У нас, на жаль, дзяржавы няма. І яна нас, адпаведна, не падтрымлівае, — разважае Анціпаў. — Нам жа няшмат трэба. Мы займаемся грамадска важнай працай. І грамадства са сваіх падаткаў — а беларусаў шмат, яны плацяць шмат падаткаў, — нейкую маленькую долю магло б аддаваць на нашы выдавецтвы. Ім бы гэта нічога не каштавала, а нам было б прасцей планаваць і рабіць далей кнігі. Гэта б аплачвала нашу працу, якая цяпер не акупляецца».
Часткова кампенсаваць адсутнасць падтрымкі дапамагаюць еўрапейскія культурныя інстытуцыі, якія фінансуюць пераклады нацыянальнай літаратуры. Калі выдавецтва вырашае перакласці кнігу з латышскай, польскай або іншай еўрапейскай мовы, то адпаведныя фонды могуць істотна знізіць кошт выпуску кнігі: «Ты аплачваеш працу перакладчыка, карэктара, правы, а потым проста прадаеш кнігу і атрымліваеш даход».
Для беларускіх кніг такой сістэмы падтрымкі практычна няма. Таму выдавецтвам даводзіцца шукаць іншыя мадэлі ўстойлівасці — гранты, перадзамовы, краўдфандынг, дапамогу мецэнатаў.
«У нашага выдавецтва было некалькі мецэнатаў. Гэта не нейкія велізарныя грошы, але вельмі прыемна, калі людзі проста давяраюць табе. Мы не павінны потым справаздачыцца за гэта, як за гранты. Гэта паказвае, што мы патрэбныя».
Паводле слоў Анціпава, каб кніга знайшла свайго чытача, для гэтай сустрэчы даводзіцца ствараць дадатковыя нагоды: «Мы бачым, што кніжкі прадаюцца не проста: выклаў у інтэрнэт, даў два інтэрв’ю і прадаеш. Трэба вакол кніг рабіць нейкія падзеі».
«Мяне няма» праводзіць стрымы з аўтарамі на YouTube, удзельнічае ў кніжных кірмашах і літаратурных фестывалях, размяшчае свае стэнды на канцэртах беларускіх музыкаў. За гэтым стаіць невялікая каманда сузаснавальнікаў (культуролаг Максім Жбанкоў, дызайнеры Ігар Юхневіч і Аляксандр Пажытак, журналістка Дар’я Сітнікава) і некалькі валанцёраў, якія далучыліся пазней.
Адным з новых фарматаў стала тэатралізаваная чытка кнігі Юліі Шатун, падрыхтаваная «Тутэйшым тэатрам». Акторы чыталі фрагменты тэксту, а рэжысёр Андрэй Саўчанка размаўляў з аўтаркай і аўдыторыяй, уключаючы іх у перформанс. Пазней тэатр правёў імерсіўную экскурсію па офісе выдавецтва ў Варшаве.
У якасці яшчэ аднаго эксперыменту выдавецтва запусціла Patreon для падтрымкі працы Сяргея Пукста над новым раманам. Падпісчыкі атрымліваюць раздзелы па меры іх напісання, а сабраныя сродкі ідуць на ганарар аўтару.
«Мы ведалі, што Сяргей Пукст можа напісаць класную кнігу. Проста так ён, хутчэй за ўсё, не пагадзіўся б. Вырашылі выплачваць яму за кожны раздзел па 500 злотых. Шчыра кажучы, пакуль мы ў мінусе. Але нейкую частку гэтых страт Patreon усё ж пакрывае».
Паводле слоў Анціпава, усё гэта — не асобныя праекты, а частка адной ідэі. Выдавецтва імкнецца будаваць вакол сябе культурнае асяроддзе і аб’ядноўвацца з іншымі незалежнымі ініцыятывамі.
«Мы не проста выдавецтва, якое хоча зарабіць грошай. Мы яшчэ і свайго роду культурнае аб’яднанне, якому цікава супрацоўнічаць з рознымі безбашэннымі творчымі ініцыятывамі. З “Тутэйшым тэатрам”, з “Кшталтам” — гэта маладыя класныя людзі, якія робяць канцэрты, паэтычныя чытанні і перформансы. І ў выніку мы дзелімся адзін з адным сваёй аўдыторыяй».
«Мяне няма» з самага пачатку стала выдавецтвам «прамога выказвання». Большасць выдадзеных ім кніг працуе з асабістым досведам аўтара. У камандзе гэты жанр называюць «постфікшн», хоць і прызнаюць, што межы паміж мастацкай літаратурай, аўтафікшнам і дакументальнай прозай сёння становяцца ўсё больш умоўнымі.
«Мне здаецца, што цяпер прыдуманая літаратура прайграе рэальнасці і таму выглядае вельмі штучна. Калі нехта цяпер прыдумвае нейкага Пецю, які эміграваў з Беларусі і працуе дастаўшчыком ежы, адразу зразумела, што гэта не Пеця, а сам аўтар. Навошта ён тады хаваецца за гэтым імем?»
На думку Анціпава, сёння эпохе больш адпавядае прамое выказванне ад першай асобы, але бываюць і выключэнні: «Андрэй Дудко, напрыклад, не хацеў пісаць зусім ужо ад свайго імя і напісаў псеўдафікшн пра пісьменніка, які піша раман. Там відаць мора аўтабіяграфічнага матэрыялу, але і фантазійныя кавалкі вельмі класныя».
Для Анціпава значна важней, каб тэкст гаварыў з чытачом пра нешта істотнае і вытрымліваў праверку часам: «Ёсць толькі добрыя і дрэнныя кнігі. Добрая прыдуманая кніга таксама гаворыць пра рэальнасць. І непрыдуманая кніга — таксама пра фантазію. Бо нават калі ты проста запісаў свой дзень у дзённік, ты ўсё роўна запісаў яго праз уласны погляд».
На яго думку, фармальныя рамкі — гэта выдаткі маркетынгу: «Мы вымушаныя казаць, што гэта аўтафікшн, раман ці зборнік апавяданняў — проста таму, што трэба неяк прадставіць кнігу чытачу. Але да самога тэксту гэта амаль не адносіцца. Добрыя кнігі могуць пераступіць гэтую мяжу».
Адной з такіх кніг Анціпаў называе ананімны «Дзённік 2021–2022». Ён перакананы, што ананімнасць аўтара сур’ёзна паўплывала на лёс кнігі: сёння прасоўванне незалежных выданняў шмат у чым будуецца вакол асобы пісьменніка, а ў гэтым выпадку такой магчымасці ў выдавецтва проста не было.
«Гэта кніга проста мега пра рэальнасць. Пра чалавека, які ў 2022 годзе працягвае заставацца ў Беларусі. Для мяне яна вельмі шмат гаворыць пра тое, колькі мы ўсе цярпелі. Чытаючы гэтую кнігу, адчуваеш, як пад патэльняй паступова павялічваюць агонь. Або як чайнік усё кіпіць, кіпіць, кіпіць. Аўтар у гэтым сабе не прызнаецца, але ты бачыш, які п***ц вакол. А заканчваецца ўсё 22 лютага, за два дні да поўнамаштабнага ўварвання, і ты разумееш, што наперадзе будзе яшчэ горш, — распавядае Анціпаў. — Той, хто хоча расслабіцца, такую кнігу не прачытае. Але ўсе кнігі жывуць у часе. Я разумею, цяпер гэта не хочацца чытаць, але праз нейкі час гэта будзе вельмі важным дакументам эпохі. І можна будзе нешта пра яе зразумець, прачытаўшы гэтую кнігу».
За некалькі гадоў працы над выдавецтвам Анціпаў амаль перастаў пісаць сам. Пры гэтым ён не хавае, што, калі б абставіны былі іншымі, ён з куды большым задавальненнем займаўся б выключна пісьменніцтвам: «Мне значна цікавей удзельнічаць у літаратурным працэсе як пісьменніку, чым займацца арганізацыйнымі рэчамі».
На пытанне, навошта тады працягваць траціць столькі сіл на выдавецтва і іншыя літаратурныя праекты, Анціпаў адказвае нечакана проста — таму што бачыць у гэтым сэнс: «Усім хочацца жыць так, каб іх жыццё не было бессэнсоўным. Калі ты разумееш, што жывеш не дарэмна, калі верыш у тое, што робіш, гэта і надае сэнс».
Ён кажа, што ніколі не выбіраў літаратуру як рацыянальны кар’ерны шлях, на якім можна зарабіць. Анціпаў спрабаваў займацца журналістыкай, працаваў бухгалтарам, але ўсё роўна вяртаўся да літаратурнай працы: «Лепш я буду займацца тым, чым хачу. Магчыма, гэта не прынясе грошай. Але гэта хаця б прынясе мне ўнутранае задавальненне. А часам, дарэчы, прыносіць і грошы».
Паступова вакол яго літаратурных інтарэсаў пачалі з’яўляцца іншыя праекты — літаратурныя прэміі, рэзідэнцыі, Litradio, а затым і выдавецтва. Сам Анціпаў прызнаецца, што ніколі спецыяльна не імкнуўся станавіцца арганізатарам літаратурнага працэсу, хутчэй спрабаваў сфармаваць асяроддзе для ўласнай творчасці.
«Каб мне самому прыйсці ў літаратуру, мне давялося спачатку стварыць для гэтага працэс. Я зразумеў: калі я напішу наступную кнігу, то куды яна трапіць? Дзе пра яе будуць пісаць? Хто яе выдасць? Значыць, трэба спачатку дабудаваць гэты працэс. У вялікай ступені ўсё, што я раблю, — я ствараю ўмовы для сябе. Але аўтаматычна ствараю іх і для іншых, — кажа Анціпаў. — У мяне, відаць, ёсць нейкія арганізатарскія здольнасці. Я магу ўбачыць, як нешта зрабіць: выдаць кнігу, наладзіць працу прэміі. І я веру, што магу гэта ўвасобіць. Калі я сыду з гэтай сферы, то гэтае месца, хутчэй за ўсё, ніхто не зойме. Бо гэта не інстытуцыйнае месца, за яго не плацяць. І таму я застаюся».
Пры гэтым Анціпаў не любіць гаварыць пра нейкую асаблівую місію: «З літаратурным працэсам заўсёды і ўсё не так. І, напэўна, ніколі не будзе так. Таму прыходзьце ў яго, знайдзіце сабе сваё месца і рабіце тое, чаго пакуль няма. Ніхто замест вас гэтага не зробіць».
Юля Арцёмава — «Пакуль я шукала словы»
Раман пра вымушаны ад’езд з Беларусі, які, паводле слоў Паўла Анціпава, упершыню паказвае гэты досвед настолькі шырока — праз лёсы самых розных людзей, што апынуліся ў адной маршрутцы па дарозе ў эміграцыю. Разам з тым кніга гаворыць пра пісьменніцтва, жаночую ідэнтычнасць, жаночую сацыялізацыю і прапануе шчыры погляд на падзеі апошніх гадоў без спроб спрасціць ці ідэалізаваць рэальнасць. На думку Анціпава, менавіта такая здольнасць паказаць цэлую эпоху праз асабістыя гісторыі — прыкмета сур’ёзнай сусветнай літаратуры.
Максім Жбанкоў — «ШокінгКульт. Кніга перамен»
Новая кніга культуролага Максіма Жбанкова, у якой ён падводзіць вынікі апошніх гадоў беларускай культуры. Паводле слоў Анціпава, дзякуючы сваёй «метафарычнай манеры» Жбанкову ўдаецца змясціць у кароткія тэксты значна больш сэнсаў і дакладна ўлавіць культурную сітуацыю Беларусі пасля 2020 года.
Уладзімір Казлоў — «Паўднёвы Захад»
Працяг рамана «Варшава», дзеянне якога пераносіць чытача ў Мінск канца 1990-х. Галоўны герой — журналіст, які назірае, як з прыходам Лукашэнкі да ўлады ў краіне паступова «закручваюцца гайкі», але жыццё пры гэтым працягваецца: людзі працуюць, закахаюцца, ходзяць на канцэрты і спрабуюць жыць звычайным жыццём. На думку Анціпава, кніга дазваляе адчуць атмасферу Беларусі таго часу і ўбачыць, як незаўважна змянялася краіна.
Марк Шагал — «Сваё»
Беларускае выданне ранняй версіі мемуараў Марка Шагала, напісанай на ідышы і перакладзенай Сяргеем Шупам. Анціпаў расказвае, што гэта самы ранні з захаваных варыянтаў успамінаў мастака: рускі арыгінал, пра які згадваў сам Шагал, не захаваўся, а пазнейшыя версіі былі перапрацаваныя і перакладзеныя Бэлай Шагал на французскую мову. Захаваўся машынапіс з аўтарскім эпіграфам і рэдактарскімі праўкамі, апублікаваны ў 1925 годзе ў нью-ёркскім літаратурным часопісе Di Tsukunft. Менавіта гэты тэкст упершыню выходзіць па-беларуску. Для выдавецтва гэта магчымасць вярнуць беларускаму чытачу не толькі важную кнігу Шагала, але і памяць пра Беларусь як пра шматнацыянальную краіну з моцнай яўрэйскай культурнай традыцыяй.
Алена Глухава — «Нашы зіхоткія целы»
Першы пераклад на беларускую мову рамана пісьменніцы Алены Глухавай, якая жыве ў Францыі і піша па-французску. Для выдавецтва гэта магчымасць пазнаёміць беларускага чытача з аўтаркай, ужо вядомай у Францыі. Сам раман Анціпаў называе прыкладам сучаснай еўрапейскай прозы — невялікай паводле аб’ёму, напісанай у традыцыі бесэмацыянальнага эсэістычнага пісьма, якое, на яго думку, рэдка сустракаецца ў сучаснай беларускай літаратуры.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram