Трамп заявіў пра рамкі будучага пагаднення па Грэнландыі і адмовіўся ўводзіць пошліны

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што сфарміраваны рамкі будучага пагаднення па Грэнландыі. Таксама ён не будзе ўводзіць з 1 лютага пошліны супраць краін ЕС, пра якія абвясціў раней. Такія заявы ён зрабіў пасля сустрэчы з генсакратаром НАТА Маркам Рутэ.

«На падставе вельмі прадуктыўнай сустрэчы з Генеральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ мы сфарміравалі аснову для будучага пагаднення ў дачыненні да Грэнландыі і, па сутнасці, усяго Арктычнага рэгіёна. Гэтае рашэнне, калі яно будзе рэалізавана, стане вялікім плюсам для Злучаных Штатаў Амерыкі і ўсіх краін НАТА. Зыходзячы з гэтага разумення, я не буду ўводзіць пошліны, якія павінны былі ўступіць у сілу 1 лютага.

У цяперашні час вядуцца дадатковыя абмеркаванні, што датычацца праекта «Залаты купал» у кантэксце Грэнландыі. Дадатковая інфармацыя будзе прадастаўлена па меры прасоўвання абмеркаванняў. Віцэ-прэзідэнт Джэй Ды Вэнс, дзяржаўны сакратар Марка Рубіа, спецыяльны пасланнік Стыў Уіткаф і іншыя асобы па меры неабходнасці будуць адказваць за перамовы — яны будуць справаздачыцца непасрэдна перада мной», — напісаў Трамп у сетцы Truth Social.

Дэталі пагаднення пакуль не вядомыя. Як піша AP са спасылкай на еўрапейскага чыноўніка, адна з ідэй, якая абмяркоўвалася паміж НАТА і Трампам, заключаецца ў тым, што Данія і альянс будуць супрацоўнічаць з ЗША ў будаўніцтве дадатковых амерыканскіх ваенных баз у Грэнландыі.

Паводле інфармацыі The New York Times, пагадненне можа прадугледжваць прадастаўленне ЗША суверэнітэту над участкамі грэнландскай тэрыторыі, дзе будуць будавацца амерыканскія ваенныя базы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!