Трамп прыгразіў Ірану новымі ўдарамі

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху прыгразіў Ірану новымі ўдарамі ў выпадку аднаўлення ядзернай праграмы.

“І, кажучы пра Іран, я спадзяюся, што яны не спрабуюць зноў нарошчваць узбраенне, таму што калі яны спрабуюць, у нас не застанецца выбару, акрамя як вельмі хутка ліквідаваць гэта нарошчванне”, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, Іран можа выкарыстоўваць для ядзернай праграмы аб’екты, якія не былі атакаваныя ў гэтым годзе.

“Мы дакладна ведаем, што яны робяць, і я спадзяюся, што яны гэтага не робяць, таму што мы не хочам траціць паліва на B2. Гэта 37-гадзінны палёт у абодва бакі. Я не хачу траціць шмат паліва”, — дадаў ён.

Трамп таксама заявіў, што Ірану варта было б заключыць здзелку. Паводле яго слоў, ён гатовы да двухбаковых перамоваў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!