Сцэна з оперы "Яўген Анегін" ў Вялікім тэатры Беларусі. Фота: сайт тэатра.
Беларускі тэатр у Беларусі сёння знаходзіцца ў кропцы экзістэнцыяльнага выбару: захоўваць сваю незалежнасць альбо ўсё больш станавіцца прыдаткам расійскай сцэны. Нацыянальная тэатральная прэмія гэтага года стала лакмусавай паперкай гэтых працэсаў.
Чаму сярод пераможцаў апынуліся расійскія «спектаклі-клоны»? Якая праграма з бліжэйшага замежжа атручвае калектывы? І ці ёсць надзея на маладых рэжысёраў, якія выраслі пасля 2020 года? Прааналізавалі тэатральны працэс у Беларусі на прыкладзе тэатральнай узнагароды з крытыцай Настассяй Панкратавай.
— Настасся, што сёння паказвае Нацыянальная тэатральная прэмія? Ці можна казаць, што беларуская супольнасць па-ранейшаму самастойна прымае рашэнні, нягледзячы на экспансію расійскай культуры? Што гэта — захаванне ідэнтычнасці ці «дзюры» ў абшары, якія паказваюць незваротныя змены?
— На мой погляд, прэмія ўжо некалькі год як пераўтварылася ў вельмі прадказальную і нудную. Бо гледзячы на намінантаў, можна на 90% прадказаць, хто атрымае ўзнагароды.
Скажам, у намінацыі «Найлепшы оперны спектакль» спаборнічае Оперны тэатры Беларусі са сваімі жа спектаклямі. Ці гэта конкурс?
У намінацыі «Найлепшы спектакль у жанры аперэта, музычная камедыя, мюзікл» сёлета перамог Музычны тэатр з пастаноўкай «Прыўкрасная Алена». Канкурэнцыю ёй складаў музычны спектакль «Беражы мяне, любімая»… таго ж Музычнага тэатра. Яшчэ адна намінацыя пераўтвараецца ў «кавалак мармуру». Хтосьці можа сказаць, што адно Музычны тэатр стварае на гэтай ніве, але гэта не так. Вось і на мінулай прэміі мюзікл быў сярод нашых тэатраў вельмі запатрабаваны. Горкаўскі тэатр, Тэатр эстрады, была канкурэнцыя паміж установамі. Чаму ў гэтым годзе ў доўгім спісе ў гэтай катэгорыі застаўся толькі Музычны? Мне не зразумела.
— Ідзем далей. Намінацыя «Найлепшы спектакль балета». Што тут скажаш?
— Як ні дзіва, тут назіралася пэўная канкурэнцыя. За перамогу змагаліся тры тэатры — Оперны, Музычны і Маладзёжны. І, шчыра кажучы, для мяне стала прыемным сюрпрызам тое, што сёлета адзначылі спектакль «Купалле» ў пастаноўцы Сяргея Мікеля. Балет, які прысвечаны беларускаму святу Купалле, створаны на мове сучаснай харэаграфіі, звяртаецца да беларускай міфалогіі, першабытных рытуалаў. Прэса яго назвала першым нацыянальным балетам у рэпертуары Музычнага тэатра. На мой погляд, гэта добра, што за працу над гэтай пастаноўкай адзначылі Сяргея Мікеля, які ўжо атрымоўваў Нацыяльную тэатральную прэмію ў намінацыі «Найлепшая праца пастаноўшчыка ў музычным спектаклі» ў 2018 годзе. Мікель — нестандартны харэограф, добра, што пра яго не забываюць.
Таксама пастаноўка «Купалле» прынесла перамогу і Марыне Траццяковай, дырыжорцы пастаноўкі.
— Вось бачыш, нягледзячы на прадказальнасць, нехта цябе прыемна здзівіў.
— Так, сапраўды, але гэта хутчэй выключэнне. Бо як правіла ў намінацыі «Найлепшы спектакль балета» даюць пераважна ўзнагароды майстрам з рэгаліямі.
Калі ўжо казаць пра такую прадказальнасць са знакам плюс, то я бы адзначыла «Разумную сабачку Соню» ў рэжысуры Яўгена Карняга сталічнага Тэатра лялек. Ён атрымаў перамогу ў намінацыі «Найлепшы спектакль для дзяцей і юнацтва».
Увогуле трэба адзначыць, што за дзіцячыя спектаклі ў нас ахвотна бяруць не толькі, так бы мовіць, спецыялізаваныя тэатры, а і драматычныя, музычныя. Тэатр эстрады, Горкаўскі, Маладзёжны — у многіх інстытуцыях цэлая лінейка спектакляў для дзяцей. І тое, што мінскі Тэатр лялек здолеў абысці канкурэнтаў, і паказаць новы погляд, ракурс на тэму, новае візуальнае афармленне, сведчыць пра яго выдатны мастацкі ўзровень.
Дзіўная рэч, чамусьці нібыта пасаромеўшыся свайго выбару, нечакана ў гэтай катэгорыі раздалі шмат дыпломаў іншым тэатрам. З гісторыі Прэміі не магу такога ўзгадаць. Звычайна даюць галоўны прыз, яшчэ ў некаторых намінацыях могуць адзначыць прэміяй журы, а зараз журы нібыта пабаялася, што астатнія намінанты могуць пакрыўдзіцца. У выніку раздалі «всем сестрам по серьгам» з дзіўнымі фармулёўкамі. Для мяне гэта слабая пазіцыя журы, якое нібыта апраўдваецца за сваё рашэнне.
Пры гэтым за свой выбар у намінацыі «Найлепшы спектакль тэатра лялек» журы чамусьці «не выбачалася», а варта было б.
— Тут перамог спектакль Магілёўскага абласнога тэатра лялек «Бах-бах-бах» у рэжысуры расійскага пастаноўшчыка Паўла Акініна. Што з ім не так?
— Шчыра кажучы, мне крыўдна бачыць «Бах-бах-бах» пераможцам у гэтай намінацыі. І гэта па некалькіх прычынах.
Па-першае, спектакль створаны па п’есе расійскай драматурга Юліі Паспелавай. П’еса, напісаная ў 2018 годзе, сёння вельмі запатрабаваная, і ідзе амаль ва ўсіх тэатрах лялек і ТЮГах Расіі. На мой погляд, твор даволі кан’юктурны, і зараз, улічваючы кантэкст, ён добра ўпісваецца ў патрабаванні часу.
Сюжэт там такі. Дзеянне адбываецца падчас Вялікай Айчыннай вайны. Цыркавы сабачка Віця згубіў свайго гаспадара — ён пайшоў на фронт. Сабачка шукае яго і сустракае розных жывёл, якія і тлумачаць герою, што такое вайна: «Гэта калі навокал «Бах-бах-бах!», і не кожны дзень атрымаецца паесці». Твор мае досыць плакатны змест, і там няма спробы паглядзець на складаную ваенную тэму з пункту гледжання сучаснага пакалення.
Але праблема не толькі ў гэтым.
— У чым жа?
— Расійскі рэжысёр Павел Акінін паставіў гэты спектакль у Магілёўскім абласным тэатры. Але перад гэтым творца зрабіў пастаноўку «Бах-бах-бах» у 2022 годзе ў Смаленскім тэатры лялек, рэжысёрам якога з’яўляецца. Адзначу, што таксама Акінін ставіць і ў Бранскім тэатры лялек. Відаць, там ён упершыню ўбачыў пастаноўку па п’есе Паспелавай (яе ставіла іншая рэжысёрка).
Па сутнасці, тое, што мы бачым зараз на магілёўскай сцэне — гэта, лічы, перанос пастаноўкі, прычым без істотных зменаў. Павел Акінін прывёз у Магілёў практычна тыя ж лялькі, тую ж сцэнаграфію, на спектаклі з ім працуе тая ж мастачка-пастаноўшчыца Святлана Доўгіна. Я паглядзела фотаздымкі і рэпартажы з гэтых двух спектакляў, і з вялікай доляй верагоднасці магу сказаць, што ў Магілёве не арыгінальная пастаноўка.
— Аніякіх згадак пра Беларусь? Што-небудзь?
— Дзеля справядлівасці дадамо, што ў інтэрв’ю рэжысёр казаў, што ў працы ёсць алюзія на Хатынь. Не выключаю, што ў спектакль ёсць сцэна, якая адсылае да беларускага кантэксту. Але ці дастаткова адной згадкі, каб спектакль атрымаў лаўрэацтва Нацыянальнай тэатральнай прэміі, якая па сваёй мэце мусіць вылучаць дасягненні ў беларускім тэатральным мастацтве? Ці гэта беларускае мастацтва, якое потым стане прыступкай для наступных пакаленняў? І, нагадаю, што «Бах-бах-бах» перамог у намінацыі для тэатраў лялек, намінацыі, дзе спаборнічаюць адныя з наймацнейшых тэатраў краіны ў сваёй сферы.
— Што тут сказаць… Падобна на тое, што гэты дзіўны выбар — кампраміс у бок пастановак расійскіх рэжысёраў, якіх не атрымоўваецца абмінуць увагай.
— Крыўдна і балюча бачыць такі выбар. Хацелася б верыць, што на наступнай Прэміі такіх недарэчнасцяў не будзе.
Як ты справядліва заўважыла, прэмія ўручаецца за апошнія два гады, таму цалкам убачыць уплыў прысутнасці расійскіх рэжысёраў на беларускі тэатр на прыкладзе гэтай эдыцыі мы яшчэ не паспеем. Але на наступнай ужо ў поўнай меры можа будзе ўбачыць вынікі кадравых пераменаў.
— ОК. Давай разглядзім намінацыю «Найлепшы спектакль тэатр драмы для вялікай сцэны». Што тут адбываецца? Не магу не адзначыць, што Купалаўскі тэатр вылучаў спектакль «А зоры тут ціхія» акурат у пастаноўцы расійскага рэжысёра Дзмітрыя Акімава ў гэтай катэгорыі.
— І заўважу, што ў гэтай намінацыі быў яшчэ адзін цікавы намінант — студэнцкі спектакль «Маладая гвардыя» ад Акадэміі мастацтваў. І ўбачыць на конкурсе сярод прафесійных тэатраў студэнцкую працу было для мяне ніякавата. Няўжо няма каго вылучаць? Гэта было б да месца, скажам, калі б існавала адпаведная намінацыя «Эксперымент». Але ў катэгорыі «Найлепшы спектакль драмы для вялікай сцэны»?! Для мяне гэта некарэктная сітуацыя абсалютна.
Што да вынікаў, то ўзнагароду забрала пастаноўка маладога рэжысёра Дэвіда Разумава «Фаўст. Здзелка з д’яблам» паводле Гётэ, рэалізаваная на сцэне Горкаўскага тэатра. І я лічу гэта добрым знакам.
— Чаму?
— Мне падаецца, што ў гэтым выбары ёсць спроба выбудаваць нейкую пераемнасць. Разумаў — вучань Сяргея Кавальчыка, мастацкага кіраўніка Горкаўскага тэатра. «Фаўст. Здзелка з д’яблам» — не першая пастаноўка Дэвіда на сцэне Рускага тэатра. Першай была «В омуте», гэта ягоная дыпломная праца. У сваіх інтэрв’ю рэжысёр расказваў, што амаль палова заняткаў падчас навучання ў Акадэміі мастацтваў, праходзіла на сцэне Рускага тэатра. То-бок Сяргей Кавальчык адразу са студэнцкай лавы занураў сваіх студэнтаў у працэс. Па размеркаванні Дэвід усё ж такі працаваў у Палацы для дзяцей і моладзі «Арэон». Там ён ставіў розныя спектаклі, ранішнікі, святы, іншымі словамі, прабіваўся да сваёй магчымасці працаваць на вялікай сцэне. І атрымаў гэту магчымасць, Заўважу, што пасля «Фаўста» у маладога рэжысёра ўжо з’явілася трэцяя пастаноўка — «Маскарад», якая ідзе ў тым жа Рускім. Усе гэта — сведчанне таго, што чалавек хоча застацца ў прафесіі.
І я супраць, ведаеш, гэтага стаўлення, якое панавала ў гады Савецкага Саюза, калі, маўляў, «ты спачатку дарасці, а потым мы цябе заўважым». Калі рэжысёры знаходзяцца ў статусе творцы, які пачынае, да пяцідзесяці гадоў. Для мяне радасная любая спроба, якая дае надзею на творчыя перамены. Таму я не разглядаю гэту перамогу ў адмоўным ключы.
— Насця, добра, але ўзгадаю такую лічбу. Яна прыводзілася ў адным з тэатральных аглядаў ад Беларускай Рады культуры: 5 тэатраў — гэта тая колькасць з 28 інстытуцыі, у якіх з 2020 году не змянілася кіраўніцтва. Іншымі словамі, за апошнія пяць гадоў адміністрацыя беларускіх тэатраў змянілася на 80%. Ці ёсць верагоднасць таго, што тыя маладыя таленты, якія зараз заяўляюць пра сябе на сцэне, змогуць рэалізавацца пры новых кадрах у адміністрацыі?
— Мне здаецца, што мы гэта пабачым з цягам часу. Як новае кіраўніцтва паўплывае на палітыку спектакляў, якія ў нас з’яўляюцца.
На гэтай прэміі мы ўжо заўважаем працы расійскіх рэжысёраў, і варта адзначыць, што ў цэлым ідзе павелічэнне рускамоўных пастановак. Плюс да ўсяго варта дадаць эканамічную палітыку нашай дзяржавы, згодна якой тэатры зараз фінансуюцца па схеме 50% — ад дзяржавы, і 50% павінны зарабіць самі тэатры. Што падштурхоўвае тэатры ісці на розныя кампрамісы.
Напрыклад, колькі зараз беларускіх тэатраў выпраўляецца на гастролі? Прычым тэатры выязджаюць у тыя гарады, якія раней былі немэтазгодныя з пункту гледжання лагістыкі, акупляльнасці — Іркуцк, Уладзівасток… Але зараз чамусьці ўсе паехалі ў Расію, на расійскія тэатральныя фестывалі, культурніцкія мерапрыемствы. Бо гэта вынік і закрытай еўрапейскай прасторы, і абмежаванасці сваіх рэсурсаў, і адпаведных расійскіх праграм, якія садзейнічаюць паўставанню сцэнічных твораў менавіта паводле рускай класікі, іх далейшай прамоцыі. То-бок з’явілася шмат перадумоў, каб беларускі тэатр паставіў спектакль паводле расійскага аўтара, а не якогасьці іншага.
— Ты кажаш пра канкрэтныя праграмы?
— Так. У прыватнасці, магу ўзгадаць праграму «Рускі тэатр за мяжой», якая дае магчымасць пасля 2020 года займець фінансаванне ўсім тэатрам з расійскай мовай (раней яны падтрымлівалі толькі так званыя тэатры са статусам «Рускі»). Па гэтай праграме той жа Магілёўскі тэатр лялек і сам ладзіў лабараторыі, і прымаў удзел у канферэнцыі як рускі тэатр замежжа. У залежнасці ад кірунку праграмы, могуць давацца грошы на пастаноўку спектакля і далейшыя яго гастрольны шлях.
Да 2020 года — гэта былі адзінкавыя выпадкі, калі тэатры карысталіся гэтай праграмай, зараз жа яна пераўтвараецца ў сапраўднае павуцінне, якое атручвае ўсё больш і больш калектываў. Нават каля навіны пра «Белую вежу» я цяпер бачу пазнаку, што фестываль «арганізаваны пры ўдзеле Цэнтра падтрымкі рускага тэатра за мяжой». Калі ж вы паглядзіце, хто ўваходзіць сёння ў Асацыяцыю дзеячаў рускага тэатра замежжа, то вельмі здзівіцеся, колькі ў пераліку беларускіх калектываў.
Пры недахопе фінансавання тэатры ўключаюцца ў яе і атрымоўваецца такая залежнасць. Усё гэта вельмі сумна.
— Гэта выглядае зусім дрэнна, але былі выпадкі гастроляў у Кітай — той жа РТБД, у Дубай — ТЮГ. Ёсць жа іншыя шляхі, атрымоўваецца?
— У гэтым шэрагу я быў вылучыла як выключэнне, бадай, РТБД, бо ён павёз у Кітай спектаклі на аснове беларускага матэрыялу: сучасную пастаноўку «My homeland», і «Адамавы жарты», які адлюстроўвае беларускі нацыянальны дух. Гэта заслугоўвае ўвагі. ТЮГ жа павёз у Дубай «Кот у ботах» — тут складана казаць пра беларускую традыцыю. Паўтаруся, што ўсе наступствы гэтай палітыкі мы яшчэ пабачым.
— Якія ў прынцыпе ў цябе прагнозы?
— Не радасныя, вядома. Але ведаеш, я ўсё роўна веру, што жыццё мусіць прабіцца і праз гэты «асфальт». Бо за пяць гадоў, якія мінулі з 2020 года, у Беларусі вырасла і расце новае пакаленне творцаў. З’яўляюцца новыя акторы, рэжысёры, асобы, таму я бы не ставілі крыж на ўсім, што там ідзе. Людзі павінны працаваць, шукаць свой творчы шлях. У рэшце рэшт, нават у Савецкім Саюзе ўсё роўна «прарываліся» нейкія пастаноўкі і з’яўляліся рэжысёры, пра якіх да гэтай пары гаворым. І ў сучаснай гісторыі ўнутры краіны ўсё роўна будуць з’яўляцца імёны, за якія нам не будзе сорамна і праз дзесяцігоддзі.
***
Беларускі тэатр у эміграцыі — пра чатыры стратэгіі выжывання беларускіх калектываў і дзеячаў у замежжы распавяла таксама ў выніках года для reform.news крытыца Ірына Лаппо.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram