33-гадовая беларуска Кацярына Бартко (Katsiaryna Bartko), якая запрасіла палітычны прытулак у ЗША, больш за 12 тыдняў знаходзіцца пад вартай іміграцыйнай службы ICE. Яе блізкія і лекары асцерагаюцца, што з-за недастатковага лячэння яна можа ўпасці ў кому, піша The Kansas City Star.
У маладосці Бартко перанесла рак. Ёй выдалілі шчытападобную і парашчытападобныя залозы, таму яна павінна пажыццёва прымаць гарманальныя прэпараты і кальцый у строга вызначаных дозах.
Паводле слоў яе партнёра Дзмітрыя Шышова, пасля затрымання ў Фларыдзе Бартко не атрымлівала неабходныя лекі і за чатыры дні тройчы трапляла ў бальніцу. 18 чэрвеня яе перавялі ў міграцыйны цэнтр у Лівенворце, штат Канзас. З таго часу яе не аглядаў эндакрынолаг.
Аналізы ад 11 жніўня паказалі, што ўзровень тырэатропнага гармону ў Бартко дасягнуў 148,77 мМЕ/л — прыкладна ў 30 разоў вышэй за верхнюю мяжу нормы.
Лекар арганізацыі Physicians for Human Rights Сара Раза заявіла, што такія паказчыкі сведчаць пра цяжкі гіпатырэоз і павышаюць рызыку мікседэматознай комы, якая можа прывесці да смерці.
Прадстаўнікі ICE і кампаніі CoreCivic, якая кіруе цэнтрам, сцвярджаюць, што беларуска знаходзіцца пад пастаянным медыцынскім наглядам і атрымлівае неабходную дапамогу.
Бартко прыехала ў ЗША па студэнцкай візе ў сакавіку 2022 года, пасля чаго падала заяву аб прадастаўленні прытулку. Паводле слоў Шышова, у Беларусі яна ўдзельнічала ў пратэстах і публічна выступала супраць расійскага ўварвання ва Украіну. Пасля яе ад’езду супрацоўнікі беларускіх сілавых органаў прыходзілі да яе бацькоў і пыталіся, дзе яна знаходзіцца.
