Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла спевака Данчыка медалём Францішка Скарыны
Reform.news · 22 верасня 2026, 14:07
https://reform.news/be/svjatlana-cihano-skaja-znagarodzila-spevaka-danchyka-medaljom-francishka-skaryny/У Нью-Ёрку Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла беларускага спевака і журналіста Данчыка (Багдана Андрусішына) медалём Францішка Скарыны — за шматгадовы ўнёсак у развіццё беларускай культуры, мовы і свабоды слова, – паведамляе “Радыё Свабода” са спасылкай на прэс-службу Святланы Ціханоўскай.
Цырымонія адбылася ў прадстаўніцтве ЕС у Нью-Ёрку на палях Генеральнай асамблеі ААН.
«Данчык сваёй музыкай заразіў Беларуссю тысячы людзей. Для многіх менавіта праз яго песні беларуская мова стала бліжэйшай, а беларуская культура — сваёй», — адзначыла Святлана Ціханоўская.
Данчык (Багдан Андрусішын) нарадзіўся ў 1958 годзе ў Нью-Ёрку. Яго бацька Паўло — украінец, а маці Юлія — беларуска. З дзяцінства Данчык ведаў беларускую і ўкраінскую мовы. У 1981 годзе скончыў Універсітэт Нью-Ёрка са ступенню бакалаўра журналістыкі. Калі яму было 16 год, трапіў на канцэрт «Песняроў» — ансамбль гастраляваў у Амерыцы. А ўжо праз год Данчык запісаў свой першы альбом «Беларусачка», які стаў першым беларускім дыскам у ЗША. Пазней выйшлі альбомы «Мы адной табе належым», «Я ад вас далёка» і «Калядныя песні».
У 1989 годзе наведаў Беларусь, дзе выступіў з канцэртамі. Другі раз наведаў з канцэртамі Беларусь у 1996-м. У 1997‑м заявіў, што спыняе сваю музычную кар’еру і перайшоў у журналістыку. Шмат гадоў працаваў у Беларускай службе “Радыё Свабода”, у тым ліку намеснікам дырэктара.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
