Скриншот видео t.me/tsikhanouskaya
Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская распавяла пра першую за больш як 5,5 года асабістую сустрэчу з Марыяй Калеснікавай. Яна адбылася падчас здымак навагодняга звароту.
Паводле слоў лідара дэмсіл, для яе было прынцыпова важна запісаць зварот разам.
«Маша прыехала на здымкі навагодняга звароту, і для мяне асабіста было вельмі важна запісаць яго разам. Мы ўпершыню за пяць з паловай гадоў убачыліся сам-насам. Маша ўсё такая ж энергічная і натхняльная — нішто не зламала яе ўнутраны свет. Я вельмі рада, што ў нас быў час пабыць разам», — адзначыла яна.
«Мы гаварылі пра мінулае, сучаснасць і будучыню. Гаварылі пра палітвязняў. Маша прайшла праз жахі турмы — і настроена змагацца за вызваленне ўсіх астатніх. Я таксама спытала яе: ці грала яна ўжо на флейце пасля вызвалення? Маша прызналася, што перажывае з гэтай нагоды, бо яшчэ не брала ў рукі свой любімы інструмент. Я сказала ёй, што вельмі спадзяюся калі-небудзь трапіць на яе сольны канцэрт, магчыма, у Германіі, але яшчэ лепш — у Беларусі. Дзякуй, Маша, за тваю ўсмешку, за тваю працу і натхненне! Нам усім цябе не хапала!», — дадала палітык.
У студзені 2022 года Марыю Калеснікаву прысудзілі да 11 гадоў калоніі, абвінаваціўшы ў спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання. У лістападзе 2022 года яна перанесла аперацыю ў бальніцы. З лютага 2023 года Марыя ўтрымлівалася ў рэжыме інкамунікада. У лістападзе 2024 года ёй дазволілі сустрэцца з бацькам.
Калеснікава была ў ліку 123 палітвязняў, вызваленых 13 снежня 2025 года.