Пашынян будзе задаволены, калі Арменію выключаць з АДКБ

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян быў бы задаволены, калі б яго краіну выключылі з АДКБ. Пра гэта ён заявіў, адказваючы на пытанні дэпутатаў пасля прадстаўлення праграмы ўрада. На дадзены момант членства Арменіі ў АДКБ замарожана.

“Я ведаю, што ў АДКБ ідуць абмеркаванні, і статут, дарэчы, прадугледжвае гэта – можна краіну выключыць. І я буду вельмі задаволены, калі арганізацыя вырашыць выключыць Рэспубліку Арменія з Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, прынамсі нас вызваліць ад дылемы – выходзіць ці не выходзіць з арганізацыі”, – сказаў Пашынян.

Паводле яго слоў, у найбліжэйшыя пяць гадоў Арменія не мае намеру актывізаваць сваю працу ў АДКБ. Прадстаўнікі краіны не ўдзельнічаюць у мерапрыемствах арганізацыі, таксама Арменія не робіць унёскі ў яе бюджэт. Нікол Пашынян замарозіў удзел у АДКБ пасля нездавальняючай, на яго думку, рэакцыі саюзнікаў на сутыкненні з Азербайджанам некалькі гадоў таму.

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў ужо адрэагаваў на заяву армянскага прэм’ер-міністра.

“Калі Ерэван больш не мае патрэбы ў сілу сваіх нацыянальных інтарэсаў у членстве ў такой важнай арганізацыі па забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі, то ён вольны прыняць адпаведнае рашэнне і пакінуць гэтую арганізацыю.

Дагэтуль мы чулі заявы на розных узроўнях прадстаўнікоў армянскага боку, якія казалі пра тое, што так, членства замарожана, але выходзіць пакуль Арменія не плануе. Прынамсі дагэтуль такія заявы мы чулі”, – сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!