Сурвіла і Пазняк звярнуліся да беларусаў з нагоды Дня Волі

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і палітык Зянон Пазняк павіншавалі беларусаў з Днём Волі. Сёння адзначаецца 108-я гадавіна абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

У сваім звароце Сурвіла адзначыла, што 25 сакавіка 1918 года беларусы абвясцілі свету, што скідаюць з роднай краіны апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці, якое гвалтам накінулі расійскія цары.

«Менавіта з Масквы ішлі загады на зьнішчэньне ў Курапатах нацыянальнай творчай і навуковай эліты, на ліквідацыю працавітага сялянства. Памкненьні беларусаў да свабоды і незалежнасьці свайго краю нязьменна душыліся. Нам даводзілася цярпець і фізычны, і духоўны Чарнобыль. А нядоўгі час нацыянальнага Адраджэньня быў спынены стаўленікам Масквы Лукашэнкам», — падкрэсліла кіраўніца Рады БНР.

Яна таксама адзначыла, што ў 2020 годзе беларускі народ нагадаў свету пра сваё існаванне. Сотні тысяч беларусаў выйшлі пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

“Калі б зноў ня ўмяшалася Масква, магчыма, мы ўжо жылі б у нашым вольным краю. І не змагаліся б сёньня за вызваленне тысячаў палітычных вязьняў, якія яшчэ ўсё сядзяць за кратамі ў Беларусі», — дадала яна.

«Не давайце нікому называць вас агрэсарамі суседняй краіны. Мы стары эўрапейскі народ, нашае месца ў дэмакратычнай Эўропе, і толькі тады, калі мы станемся незалежнымі ад так званага „старэйшага брата“ — толькі тады мы зоймем тое пачэснае месца між цывілізаванымі народамі сьвету, на якое мы маем поўнае права! Хочацца верыць, што тады ні Масква, ні тэрор ня згасяць тае паходні, якую мы будзем несьці шчыльнымі радамі наперад», — падкрэсліла яна.

Зянон Пазняк у сваім відэазвароце падкрэсліў, што Дзень Волі абазначае перамогу беларускай нацыянальнай ідэі.

“Усе тыя паўстанні дзевятнаццатага стагоддзя, уся тая барацьба, усе тыя ахвяры, якія былі аддадзеныя за незалежнасць, за волю Беларусі, яны ўвянчаліся поспехам 25 сакавіка 1918 года. Гэта абазначала перамогу беларускай нацыянальнай ідэі. Усё, што звязана з незалежнасцю Беларусі, мы, беларусы, павінны святкаваць ва ўсім свеце. Гэта вельмі важна, таму што гэтыя святы яднаюць беларускую нацыю. Яны яднаюць нашую салідарнасць, незалежна ад таго, да якіх партый мы адносімся, як мы адносімся да розных рэчаў, рознай палітыкі. Але незалежнасць і воля – яна яднае нас усіх”, — сказаў ён.

Ён адзначыў, што расійскія бальшавікі ў 1918 годзе не далі развіцца БНР, але незалежнасць немагчыма знішчыць. У 1991 годзе была прынята дэкларацыя аб незалежнасці.

Зянон Пазняк падкрэсліў, што сёння ва Украіне вырашаецца лёс не толькі незалежнасці Украіны, але Беларусі і фактычна ўсёй Усходняй Еўропы.

“Расейская чума павінна быць знішчана. Гэта чума, якая пагражае ўсяму свету Беларусі, Украіне і ўсёй Еўропе. Змагайцеся, браты, змагайцеся і перамога будзе за намі. Віншую нас усіх. Віншую нас усіх з вялікім святам з нашымі надзеямі. Таму што толькі там, у Беларусі, свеціць наша светлая зорка. Толькі там наш дом, там нашае шчасце. І таму набліжаемся да гэтага шчасця, змагаемся за яго”, — сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!