Скриншот видео
Беларусь будзе вольнай, а беларусы абавязкова адзначаць Дзень Волі дома. Пра гэта заявіла Святлана Ціханоўская ў звароце з нагоды 108-й гадавіны абвяшчэння БНР.
“Сёння мы разам адзначаем Дзень Волі. Свята, якое яднае кожнага з нас, каму дарагая Беларусь, незалежна ад таго, дзе мы цяпер: у Мінску ці Горадні, у Варшаве ці Вільнюсе, у Кіеве, Тбілісі, Берліне, Нью-Ёрку. Мы раскіданыя па свеце, але ў нас ёсць вельмі важная рэч, якая заўсёды нас яднала: жаданне бачыць нашую краіну вольнай.
25 сакавіка 1918 года была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. У той момант народ цвёрда сказаў усяму свету: Беларусь мае права на сваю дзяржаву. Гэта быў смелы крок, і ён стаў часткай нашай гістарычнай памяці і нашай сучаснай унутранай апоры. З таго дня і да сёння мы працягваем шлях змагання і адказнасці за сваю краіну.
Беларусь будзе вольнай. І беларускі народ не адмовіўся ад гэтай мэты: ні ў 1918-м, ні ў 2020-м. Мы не адмовіліся ў самыя цяжкія гады нашай гісторыі, і не адмовімся цяпер. Шлях да волі патрабуе цярплівасці, штодзённай працы і мужнасці. І, на жаль, вельмі часта гэта боль, страты і шматлікія ахвяры.
Беларусы аддавалі жыццё за нашую свабоду ў розныя часы нашай гісторыі. Беларусы працягваюць змагацца і цяпер. Хтосьці — у Беларусі, хтосьці — у выгнанні.
Воля — гэта кожнае нашае дзеянне, якое робіць краіну лепшай. Гэта праца беларускіх грамадзянскіх ініцыятываў і валанцёрскіх супольнасцяў. Гэта праца ў медыя і падтрымка палітвязняў. Гэта служба ў шэрагах УСУ і добраахвотніцкіх фармаванняў ва Украіне. Кожны і кожная з вас робіць сваю частку вялікай працы — з Беларуссю ў сэрцы.
Я ведаю, як стамляе доўгая дарога. Як хочацца, каб нарэшце стала спакойна. Каб можна было працаваць, планаваць жыццё, кахаць, расціць дзяцей без страху ў сваёй краіне. Каб не трэба было азірацца на вуліцы, баяцца груку ў дзверы, баяцца за блізкіх. Каб дом зноў быў месцам бяспекі.
Але нават калі бывае цяжка, у нас ёсць тое, што не забраць ніколі і нікому: нашая гісторыя, нашая памяць, нашая такая моцная беларуская годнасць. І ёсць мы адно ў аднаго.
Беларусь будзе вольнай. І мы абавязкова будзем святкаваць гэты дзень дома.
Са святам, мая Беларусь! Са святам, беларусы і беларускі! З Днём Волі!” — сказала яна.