Супольнасць чыгуначнікаў расказала пра даплаты беларускім машыністам за рэйсы на Браншчыну

Беларускія чыгуначнікі не гатовыя рызыкаваць, выконваючы рэйсы ў Бранскую вобласць Расіі. Беларуская чыгунка, каб стымуляваць работнікаў, нават прызначае даплаты за такія паездкі. Пра гэта расказалі ў «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі».

Гаворка ідзе пра рэйсы праз стыкавы вузел Закапыцце (БЧ) — Злынка (РЧ). Сітуацыя абвастрылася пасля мэтанакіраваных атак дронаў на станцыі Унеча і Бранск-Вузел. Так, 21 мая беспілотнік трапіў у манеўровы цеплавоз на станцыі Унеча, у выніку чаго загінулі тры расійскія чыгуначнікі.

Згодна з дамоўленасцямі паміж БЧ і РЧ, пасажырскі рух на ўчастку Бранск — Гомель цалкам абслугоўваецца расійскімі цеплавозамі і лакаматыўнымі брыгадамі, а грузавы — расійскімі і беларускімі ў суадносінах 80% да 20%.

Паводле інфармацыі супольнасці чыгуначнікаў, лакаматыўныя брыгады ўсё часцей адмаўляюцца выконваць рэйсы на ўчастку Гомель — Унеча — Бранск. Пры гэтым асаблівай непапулярнасцю карыстаюцца выпадкі, калі беларускім лакаматыўным брыгадам даводзіцца кіраваць лакаматывамі РЧ. Такая практыка выкарыстоўваецца для прадастаўлення адпачынку расійскім чыгуначнікам. Існуе неафіцыйная версія пра негалосную дамоўленасць, паводле якой беларускія лакаматывы нібыта не павінны станавіцца мэтай атак.

«Маюцца выпадкі, калі пры адсутнасці лакаматываў прыпіскі БелЧ беларускія лакаматыўныя брыгады адмаўляліся ісці з цягніком на расійскім лакаматыве. У выніку цягнік прастойваў на станцыі ў чаканні заканчэння адпачынку лакаматыўнай брыгады РЧ. У папярэднія „спакойныя“ гады падобная сітуацыя была б практычна неймавернай», — расказалі ў супольнасці чыгуначнікаў.

У гэтай сітуацыі кіраўніцтва пакуль не звяртаецца да рэпрэсіўных мер у дачыненні да брыгад, якія адмаўляюцца ісці з грузавымі цягнікамі на тэрыторыю РФ. Стаўка зроблена на даплаты. Паводле звестак крыніц, за адну паездку прапануецца даплата ад 1 да 3 базавых велічыняў.

Асцярогі чыгуначнікаў небеспадстаўныя. У 2023 годзе на перагоне Унеча — Рассуха адбылося крушэнне грузавога цягніка з беларускім лакаматывам у выніку падрыву рэек.

Варта адзначыць, што сёння з’явілася інфармацыя пра атаку беспілотніка яшчэ на адзін беларускі аўтобус на мяжы Гомельскай і Бранскай абласцей.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!