Фото: БелаПАН
Эканамічны суд Мінска завяршыў ліквідацыю ЗАТ «БелаПАН» — заснавальніка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. 23 снежня 2025 года суддзя Аляксандр Ханэўскі вынес «вызначэнне аб завяршэнні ліквідацыйнай вытворчасці», паведамляе «Позiрк».
Суд абавязаў ІП Руслана Куліча, у верасні 2024 года прызначанага антыкрызісным кіраўніком, закрыць банкаўскія рахункі даўжніка да выключэння даўжніка з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў на працягу пяці рабочых дзён з дня ўступлення ў законную сілу вызначэння суда аб завяршэнні ліквідацыйнай вытворчасці.
Вызначэнне можна было абскардзіць у апеляцыйнай інстанцыі таго ж суда на працягу 15 дзён з моманту прыняцця, але невядома, ці скарыстаўся гэтым правам Куліч.
У сакавіку 2024 года Генпракуратура паведаміла аб ліквідацыі ЗАТ «БелаПАН» па позве пракуратуры Першамайскага раёна Мінска. У прэс-рэлізе гаварылася, што ЗАТ дапусціла «грубыя парушэнні падатковага заканадаўства, а таксама заканадаўства аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні». Пракуратура налічыла больш за 590 тысяч рублёў запазычанасці перад ФСАН за 2014–2021 гады і больш за 417 тысяч рублёў перад падатковымі органамі.
У кастрычніку 2022 года завяршыўся працэс па «справе БелаПАН». Былы намеснік дырэктара Андрэй Аляксандраў атрымаў 14 гадоў калоніі, ягоная жонка Ірына Злобіна — 9 гадоў, былы дырэктар Дзмітрый Наважылаў — 6 гадоў, былая дырэктарка Ірына Леўшына — 4 гады калоніі (яна ўжо выйшла на волю).
У верасні 2024 года Эканамічны суд Мінска разгледзеў заяву Мінскага гарадскога ўпраўлення ФСАН аб банкруцтве ЗАТ «БелаПАН». ФСАН ацаніў запазычанасць у 612 992 рублі. Суд прызначыў антыкрызіснага кіраўніка, які сабраў патрабаванні крэдытораў да «БелаПАН». Інспекцыя МПЗ па Першамайскім раёне Мінска заявіла, што кампанія павінна 521 617 рублёў, філіял «Белдзяржстраху» па Мінску — 8417 рублёў. Агульны доўг «БелаПАН» з улікам дзяржаўнай пошліны ацанілі ў 1 143 028 рублёў 11 капеек. Пры гэтым кіраўнік зрабіў выснову, што даўжнік з’яўляецца неплацежаздольным.
У снежні 2024 года «крэдыторы» заявілі аб рашэнні прад’явіць позву аб прыцягненні да субсідыярнай адказнасці.
У іскавай заяве кіраўнік Куліч прадставіў сябе як ЗАТ БелаПАН. Адказчыкі — Аляксандраў і Наважылаў. Рашэнне суда — патрабаванне пазоўніка задаволіць у поўным аб’ёме, улічваючы нібыта «ўстаноўленыя вінаватыя наўмысныя дзеянні адказчыкаў».
У выніку сума запазычанасці была дададзена да штрафаў, якія Аляксандраў і Наважылаў атрымалі па прысудзе суда ў 2022 годзе. Аляксандраву тады быў прызначаны штраф у 1000 базавых велічынь, на той момант 32 000 рублёў, Наважылаву — 700 базавых, 22 400 рублёў.
На пасяджэнні 23 снежня 2024 года суд прыняў тлумачэнні антыкрызіснага кіраўніка і пагадзіўся, што «даўжнік не мае магчымасці выканаць грашовыя абавязацельствы, з’яўляецца неплацежаздольным і падлягае ліквідацыі».