Фото: ОСВОД
(абноўлена)
Днём 12 студзеня ў Сляпянскай воднай сістэме каля дома 25Г па вуліцы Філімонава было выяўлена цела дзяўчыны.
На целе не было бачных цялесных пашкоджанняў, а адзенне падобнае да таго, у якое была апранутая 21-гадовая Яна Кастранкова, зніклая 30 снежня, паведамляе Следчы камітэт.
Паводле даных следства, Кастранкова перастала выходзіць на сувязь 30 снежня 2025 года і адсутнічала па месцы жыхарства. Сваякі звярнуліся ў праваахоўныя органы.
На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. Дакладныя звесткі пра асобу загінулай будуць атрыманыя пасля правядзення апазнання. Прызначаная судова-медыцынская экспертыза для высвятлення дакладнай прычыны смерці дзяўчыны.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», Яна Кастранкова — дачка Юрыя Кастранкова, дырэктара ААТ «Агра-Ляскавічы», якое адносіцца да Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі.
дапаўнена ў 20:03
Пошукава-выратавальны атрад «Анёл» паведаміў пра гібель дзяўчыны.
“Кастранкова Яна Юр’еўна знойдзена. Выказваем спачуванні родным і блізкім загінулай”, — гаворыцца ў паведамленні.