Турчын падпісаў пастанову пра цялят

Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падпісаў пастанову Саўміна «Аб будаўніцтве аб’ектаў аграпрамысловага комплексу».

Дакумент накіраваны на выкананне даручэння па будаўніцтве памяшканняў для цялят, а таксама сховішчаў для захоўвання льнотрасты.

Да 1 кастрычніка павінны быць вызначаны пералікі сельгасарганізацый і праектаў будаўніцтва. Усяго мяркуецца пабудаваць 615 жывёлагадоўчых аб’ектаў, у тым ліку 528 прафілакторыяў для цялят, а таксама сховішчы на 7 льнозаводах умяшчальнасцю 23 тыс. т.

Будаваць аб’екты будуць за кошт уласных сродкаў арганізацый, грошай мясцовых бюджэтаў і крэдытаў з прадастаўленнем бюджэтных субсідый.

Адначасова скарэктавана папярэдняя пастанова аб будаўніцтве аб’ектаў для цялят з прадастаўленнем субсідый на аплату працэнтаў з бюджэту. Удакладнены пералік арганізацый, якія будуць весці будаўніцтва. Колькасць інвестыцыйных праектаў па ўзвядзенні прафілакторыяў для цялят складзе 293, цялятнікаў – 5.

Як звычайна ў падобнага роду дакументах, устанаўліваецца персанальная адказнасць старшыняў аблвыканкамаў, райвыканкамаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў за своечасовы ўвод у эксплуатацыю жывёлагадоўчых аб’ектаў для цялят і сховішчаў для льнотрасты.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!