Спікер літоўскага Сейма: Эканамічныя сувязі з Беларуссю магчымыя толькі пасля міру ва Украіне

Спікер Сейма Літвы Юозас Олекас заявіў, што аднаўленне эканамічных адносін з Беларуссю магчымае толькі пасля ўсталявання міру ва Украіне. Паводле яго слоў, сярод умоў для патэнцыйнага супрацоўніцтва — спыненне перакідвання метэазондаў праз мяжу, вызваленне затрыманых грузавікоў і палітвязняў, піша LRT са спасылкай на BNS.

Ён нагадаў, што ў канцы лютага заканчваецца тэрмін дзеяння рашэння аб цяперашнім рэжыме еўрапейскіх санкцый, і падкрэсліў неабходнасць захавання адзінства ЕС для іх падаўжэння.

«Цяпер ідзе дыскусія пра рэжым еўрапейскіх санкцый, паколькі ў канцы лютага заканчваецца тэрмін дзеяння рашэння па цяперашніх санкцыях. Я сапраўды лічу, што неабходна адзінства, і думаю, што будзе зроблена яшчэ адна спроба падоўжыць гэтыя санкцыі», — заявіў ён у сённяшнім эфіры тэлеканала Lietuvos rytas у праграме «Nauja diena».

«Калі ўдасца спыніць расійскую агрэсію ва Украіне, калі ва Украіне наступіць мір, тады, магчыма, з’явяцца і іншыя эканамічныя адносіны з Беларуссю», — падкрэсліў ён.

Нагадаем, у канцы мінулага года метэазонды з кантрабандай з Беларусі неаднаразова парушалі працу літоўскіх аэрапортаў, падобныя інцыдэнты фіксаваліся і ў гэтым годзе. Акрамя таго, беларускі бок затрымаў некалькі тысяч літоўскіх грузавікоў.

Олекас падкрэсліў, што неабходна выкарыстоўваць усе даступныя каналы для вырашэння гэтых праблем, уключаючы санкцыйны механізм і яго ўзмацненне. Ён таксама згадаў узаемадзеянне з ЗША і кантакты амерыканскіх дыпламатаў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў.

«З’явілася яшчэ адна мера — гэта наша ўзаемадзеянне з ЗША і дзейнасць амерыканскіх дыпламатаў з асобнымі прадстаўнікамі беларускага рэжыму, якая таксама прыносіць вынікі: і скарачэнне парушэнняў нашай паветранай мяжы, і вызваленне палітычных зняволеных, — сказаў Олекас. — І трэба захоўваць пэўнае адзінства з Еўропай».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!