Спецдакладчыца ПАСЕ не бачыць падстаў казаць пра нармалізацыю сітуацыі з палітвязнямі ў Беларусі

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка правёў сустрэчу са спецдакладчыцай ПАСЕ па палітычных зняволеных, дэпутаткай парламента Швецыі Азадэ Раджан. У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел сакратар Камітэта па юрыдычных пытаннях і правах чалавека ПАСЕ Рафал Сокал і сакратар дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў ПАСЕ Ксенія Луцкіна.

Бакі абмеркавалі будучы даклад ПАСЕ аб сітуацыі з палітвязнямі ў Беларусі і рэкамендацыі краін Савета Еўропы. Латушка перадаў спецдакладчыцы справаздачу аб вызваленні палітвязняў і становішчы былых палітычных зняволеных, а таксама праінфармаваў пра маштаб транснацыянальных рэпрэсій.

На сустрэчы былі ўзнятыя праблемы, звязаныя з дапамогай вызваленым палітвязням: фінансаванне Міжнароднага гуманітарнага фонду, падтрымка арганізацыі Libereco і іншых праваабарончых структур, ануляванне пашпартоў былых палітвязняў, дэпартаваных з Беларусі. Асобна абмяркоўвалася неабходнасць паскарэння атрымання дакументаў аб легалізацыі для дэпартаваных палітвязняў у краінах — членах Савета Еўропы.

Латушка адзначыў, што вельмі важна лабіраваць у краінах — членах Савета Еўропы паскарэнне атрымання дакументаў аб легалізацыі для дэпартаваных палітвязняў.

Беларускі бок таксама звярнуў увагу на масавыя дэпартацыі былых палітвязняў і на тое, што вызваленыя, якія застаюцца ў Беларусі, вымушаныя пакідаць краіну пад ціскам.

Азадэ Раджан выказала гатоўнасць садзейнічаць вырашэнню пазначаных праблем і заявіла, што не бачыць падстаў казаць пра нармалізацыю сітуацыі з палітвязнямі, паколькі спіс пастаянна папаўняецца, а людзі ўнутры краіны падвяргаюцца ціску. Перададзеныя на сустрэчы дакументы будуць улічаныя ў дакладзе спецдакладчыцы ПАСЕ.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!