Фото: пресс-служба Лукашенко
Беларусь хоча набыць у Кітаі 11 тэхналогій і разам з кітайскімі партнёрамі вырабляць прадукцыю. Пра гэта заявіў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў, каментуючы сённяшнія перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна.
Паводле яго слоў, асноўны пасыл Лукашэнкі заключаўся ў тым, што «прыйшоў час паглыбіць нашы адносіны па ўсім спектры інвестыцыйных і эканамічных адносін». Далей гэтую працу павінны зрабіць урады, пасольствы і адпаведныя дзяржаўныя органы.
Снапкоў таксама расказаў, што прамысловае супрацоўніцтва Мінска і Пекіна ўключае 11 тэхналогій, якія з’яўляюцца крытычна важнымі для Беларусі.
«Мы хочам іх набыць, сумесна вырабляць на аснове гэтых тэхналогій з кітайскімі партнёрамі. Гэта для нас вельмі важна, і паглыбленне, нарошчванне, развіццё, безумоўна, дасць магутны імпульс эканамічнаму росту краіны», — растлумачыў Снапкоў, перадае БелТА.
Ён таксама звярнуў увагу на сумесны сямейны абед Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна.
«Я з задавальненнем зраблю на гэтым акцэнт, таму што сяброўскі сямейны абед адбываецца толькі паміж лідарам нашай краіны і таварышам Сі Цзіньпінам. Гэта якраз той фармат, якога няма ў іншых краін. Мы вельмі ганарымся і трапятліва ставімся да гэтага фармату», — сказаў ён.