Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка сёння раніцай у Пекіне сустрэўся са старшынём КНР Сі Цзіньпінам. Бакі абмяняліся ўзаемнымі ветлівасцямі. Лукашэнка адзначыў, што яго мара пра супрацоўніцтва з КНР здзейснілася. Паводле яго слоў, ён пастаянна інфармуе Пекін пра сітуацыю ў рэгіёне.
«Кітай і Беларусь — жалезныя сябры, і мы развіваем усебаковае і ўсепагоднае стратэгічнае партнёрства. Нашы адносіны вытрымалі выпрабаванні міжнароднай турбулентнасцю, і наша сяброўства толькі ўмацоўваецца. Наша супрацоўніцтва мае шматпланавы характар, ідзе ў нагу з часам і пастаянна прыносіць новыя вынікі», — сказаў Сі Цзіньпін.
Паводле яго слоў, Пекін і Мінск узаемадзейнічаюць у рамках чатырох глабальных ініцыятыў.
«Гаворка ідзе пра наша ўзаемадзеянне ў рамках чатырох маіх глабальных ініцыятыў, а таксама ініцыятывы „Адзін пояс, адзін шлях“ дзеля фарміравання Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва. Мы рука аб руку ідзём гэтым шляхам», — дадаў ён.
Старшыня КНР таксама канстатаваў, што адносіны дзвюх краін знаходзяцца на піку.
«Цяперашнія кітайска-беларускія адносіны перажываюць гістарычны пік. Я гатовы працягваць паглыблены дыялог па пытаннях, якія ўяўляюць узаемную цікавасць», — сказаў ён.
У сваю чаргу Лукашэнка адзначыў, што менавіта пра такія адносіны з Кітаем і марыў.
«Гэта тое, пра што мы з вамі гаварылі і, можа быць, у нейкай ступені марылі напярэдадні глабальнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітайскай Народнай Рэспублікай», — сказаў ён.
Лукашэнка назваў адным з паспяховых прыкладаў узаемадзеяння індустрыяльны парк «Вялікі камень».
«Я ўдзячны вам за тое, што вы падтрымалі бягучы год і наступны як ініцыятыву развіцця прамысловасці і прамысловай кааперацыі паміж дзвюма краінамі. Па ўсіх напрамках эканамічнага развіцця Беларусь выкарыстоўвае вашыя тэхналогіі. Мы задаволеныя ўзроўнем гэтых тэхналогій і якасцю той прадукцыі, якую мы сёння атрымліваем», — сказаў ён.
«Мы з вамі пастаянна абменьваемся пунктамі гледжання па міжнародным парадку дня, пра сітуацыю ў рэгіёне. Я вас пастаянна пра гэта інфармую. Думаю, нам трэба гэтыя кантакты працягваць і надалей», — дадаў Лукашэнка.