Беларускіх школьнікаў будуць вучыць кіраваць беспілотнікамі

Курс па кіраванні беспілотнікамі ўключаны ў навучальны прадмет “дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка” для навучэнцаў дзясятых класаў. Пра гэта паведаміў намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Кадлубай.

“Мы ўзмацнілі практычны складнік. Для дзесяцікласнікаў-юнакоў у праграму ўключаны 10-гадзінны курс па вывучэнні і навыках кіравання беспілотнымі лятальнымі апаратамі (БПЛА).

У дзяўчат істотна пашыраны практычны блок па медыцынскай падрыхтоўцы – укаранёны элементы тактычнай медыцыны. Змянілі баланс у бок практычных заняткаў і павялічылі іх аб’ём. Мы адышлі ад чыстай тэорыі да канкрэтных навыкаў, неабходных у рэальных умовах”, – сказаў ён, перадае БелТА.

Кадлубай таксама ацаніў першы вопыт правядзення 10-дзённых вучэбна-палявых збораў для дзесяцікласнікаў. Сёлета яны прайшлі на базах вайсковых часцей і аздараўленчых устаноў.

“Мы атрымалі выключна станоўчыя водгукі ад саміх юнакоў і калег з сілавога блока МУС, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Міністэрства абароны. Асабліва ад тых хлопцаў, якія праходзілі вучэбна-палявыя зборы ў выязным фармаце, а не ва ўстановах адукацыі. Паколькі такі фармат забяспечвае максімальнае засваенне практычных навыкаў і дапамагае згуртаванню калектыву”, – дадаў намеснік міністра.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!