СК скончыў расследаванне гібелі рабочага на будоўлі ў Мінску

Следчы камітэт скончыў расследаванне па факце гібелі рабочага на будоўлі ў Мінску. Здарэнне адбылося вясной мінулага года.

Як паведамілі ў СК, пры правядзенні рэканструкцыі аднаго з будынкаў у Мінску адбылося падзенне мачтавай пад’ёмнай платформы з вышыні больш за 10 метраў. У гэты час у ёй знаходзіліся два чалавекі. 45-гадовы рабочы апынуўся прыціснуты канструкцыяй да дрэва. Медыкі аказалі яму дапамогу, але мужчына памёр у бальніцы. Другі, 51-гадовы, будаўнік атрымаў менш цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Абвінавачанні прад’яўлены службовай асобе, якая павінна была адказваць за захаванне правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі.

“Мужчына дапусціў да будаўніча-мантажнага ўчастка асоб, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку праверку ведаў па пытаннях аховы працы, а таксама не прасачыў за выкарыстаннем страхавальных паясоў.

У ходзе расследавання праведзены шматлікія экспертныя даследаванні, агледжана і далучана дакументацыя арганізацыі, дапытаныя сведкі і абвінавачаны, які так і не прызнаў сваю віну. На падставе аналізу сабраных доказаў следчымі адноўлена карціна падзей, што папярэднічалі трагедыі. Устаноўлена, што загінулы не меў досведу мантажу платформ і ў дзень трагедыі рабіў гэта ўпершыню”, — распавялі ў СК.

Абвінавачанні прад’яўлены па ч. 2 арт. 303 (“Парушэнне правілаў бяспекі будаўнічых работ і правілаў эксплуатацыі машын і механізмаў пры выкананні такіх работ, якое па неасцярожнасці пацягнула прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання і смерць чалавека”) і ч. 2 арт. 306 (“Парушэнне правілаў тэхнікі бяспекі і іншых правілаў аховы працы службовай асобай, адказнай за іх захаванне (парушэнне правілаў аховы працы), якое па неасцярожнасці пацягнула прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання і смерць чалавека”) Крымінальнага кодэкса.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!