Следчы камітэт Беларусі заявіў аб правядзенні праверкі па факце нападу польскіх сілавікоў на 60-гадовага ўраджэнца Слоніма.
Паводле даных беларускага боку, у ноч на 12 мая мужчына знаходзіўся ў Польшчы і ехаў па дарозе S8 паблізу горада Сыцув, калі польскія сілавікі адкрылі па ім агонь. Стральбу яны называюць “здзейсненай беспадстаўна”.
Кіроўца атрымаў цяжкія агнястрэльныя раненні галавы і канечнасцяў, аўтамабіль — 29 кулявых адтулін.
“Нягледзячы на цялесныя пашкоджанні, яму ўдалося перасекчы мяжу, адкуль ён быў экстрана дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя ў надзвычай цяжкім стане”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
“У ходзе правядзення следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў адноўлена карціна здарэння, атрыманы дакладныя даныя аб месцы нападу, а таксама супрацоўніках паліцыі, якія стралялі ў грамадзяніна Беларусі. Гэтаму інцыдэнту будзе дадзена жорсткая прававая ацэнка, а падрабязная інфармацыя аб абставінах здарэння ў далейшым будзе даведзена да грамадскасці”, — заявілі ў СК.
Нагадаем, 18 мая МУС паведаміла, што ў адну з бальніц паступіў 60-гадовы мужчына з агнястрэльнымі раненнямі галавы і нагі. Сцвярджалася, што раненні ён атрымаў у Польшчы. Сёння МЗС Беларусі заявіла, што 12 мая ў мужчыну стралялі польскія праваахоўнікі, памылкова прыняўшы яго за члена злачыннай групоўкі. Паводле інфармацыі беларускага боку, у Польшчы пачалі расследаванне па факце інцыдэнту. Падрабязнасці інцыдэнту не прыводзіліся.