Сяргей Сівец узначаліў Канстытуцыйны суд

Старшынём Канстытуцыйнага суда стаў Сяргей Сівец. Такое рашэнне прынята на Усебеларускім народным сходзе.

Да гэтага суд з 2008 года ўзначальваў Пётр Міклашэвіч.

Сяргей Сівец нарадзіўся ў 1973 годзе ў Мінску. Ён скончыў БДУ па спецыяльнасці «Правазнаўства», аспірантуру і дактарантуру юрыдычнага факультэта ўніверсітэта. Кандыдат юрыдычных навук, дацэнт.

Сівец уваходзіць у склад Савета Рэспублікі. Ён узначальвае камісію па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці.

Раней Сівец працаваў выкладчыкам, старшым выкладчыкам кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта БДУ; выконваючым абавязкі дэкана, намеснікам дэкана факультэта кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ; намеснікам дырэктара па вучэбнай і інавацыйнай рабоце, намеснікам дырэктара па вучэбнай і навуковай рабоце Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ; намеснікам дырэктара — кіраўніком Інстытута прававых даследаванняў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь. У папярэднім скліканні СР ён быў кіраўніком камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве.

Таксама Сівец уваходзіць у Савет па пытаннях прававой і судовай дзейнасці пры прэзідэнце, Камісію па пытаннях памілавання і вызвалення ад крымінальнай адказнасці, міжведамасны савет па праблемах дысертацыйных даследаванняў у галіне права, навукова-тэхнічны савет Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі, вучоны савет установы адукацыі «Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!